Папа Францішак перадаў 200 тысяч еўра на патрэбы педыятрычнай клінікі ў Бангі, сталіцы Цэнтральнаафрыканскай Рэспублікі. Грошы былі сабраны ад продажу дыскаў з дакументальным фільмам «Адкрываючы Ватыканскія музеі», знятага Ватыканскім тэлевізійным цэнтрам.
Дабрачынны праект атрымаў назву «Хрыстовая скрынка. Паміж мастацтвам і міласэрнасцю. Дар для Бангі» (Christo’s Box. Between Art and Mercy. A Gift for Bangui). DVD-дыскі ва ўнікальным футляры, выкананым у выглядзе скрынкі вядомым мастаком і скульптарам Хрыста Явашавым, былі выстаўлены на аўкцыёнах у Лондане, Турыне, Мілане і Рыме.
Папа Францішак наведваў педыятрычную клініку ў Бангі асабіста падчас свайго візіту ў Цэнтральнаафрыканскую Рэспубліку ў лістападзе 2015 г. З таго часу ў Ватыкане было рэалізавана некалькі дабрачынных ініцыятыў на карысць гэтай медыцынскай установы.