Папа Рымскі аднавіў сустрэчы з мясцовымі епіскапатамі ў рамках візітаў аd limina Apostolorum. Яны былі прыпынены на перыяд правядзення Надзвычайнага Юбілейнага Года Міласэрнасці, які праходзіў у Каталіцкім Касцёле з 8 снежня 2015 г. па 20 лістапада 2016 г.
30 студзеня папа Францішак прыняў на аўдыенцыі членаў Міжнароднай Канферэнцыі Біскупаў імя святых Кірылы і Мятода, якая аб’ядноўвае іерархаў краін паўднёвай часткі Балкан. У яе склад уваходзяць біскупы з Сербіі, Чарнагорыі, Македоніі і Косава.
Падчас візітаў аd limina біскупы цэлебруюць св. Імшы ў чатырох Вялікіх рымскіх базыліках: Санта-Марыя-Маджорэ, святога Пятра, святога Паўла за мурамі і святога Яна на Латэране, наведваюць ватыканскія кангрэгацыі, дзе абмяркоўваюць з іх прадстаўнікамі жыццё Касцёла ў сваіх краінах.
Кульмінацыяй візітаў з’яўляецца сустрэча з Пантыфікам. Святы Айцец звяртаецца да іерархаў з пасланнем, змест якога становіцца падмуркам пастырскай праграмы Касцёла ў дадзенай краіне на найбліжэйшы час.
На 2017 год запланаваны і візіт аd limina і беларускага епіскапату. Апошні раз удзельнікі Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі наведвалі з такім візітам Ватыкан у снежні 2009 года.