Сустрэча адбылася 25 студзеня ў Ватыкане падчас агульнай аўдыенцыі Пантыфіка. 69-гадовы Шварцэнэгер прэзентаваў Пантыфіку кнігу пра амерыканскі штат Каліфорнію, губернатарам якой ён быў з 2003 па 2011.
Вядома, што Арнольд Шварцэнэгер — практыкуючы католік.
Сёння акцёр і палітык займаецца заснаванай ім у 2010-м годзе незалежнай арганізацыяй «R20 — Суб’екты кліматычных дзеянняў», якая імкнецца дапамагчы субнацыянальным урадам краін ва ўсім свеце развіваць ідэю выкарыстання нізкага ўзроўню вугляроду і трымацца тых мадэляў эканамічнага развіцця, якія не прыводзяць да змянення клімату.
У часы губернатарства Шварцэнэгера ў Каліфорніі ў параўнанні з іншымі часткамі ЗША былі ўведзены больш строгія нормы для газавых выкідаў транспартных сродкаў.
Былы губернатар Каліфорніі выступае за абарону навакольнага асяроддзя, а таксама за развіццё новых метадаў у медыцыне, некаторыя з якіх, аднак, Каталіцкі Касцёл не ўхваляе.
У свой час ён наступным чынам выказваўся адносна выкарыстання бюджэтных сродкаў на развіццё медыцыны: «Я католік і вельмі адданы католік, але гэта не перашкаджае прыняццю маіх рашэнняў. Я ведаю, што, напрыклад, даследаванні ствалавых клетак могуць спрыяць у лячэнні шэрагу хваробаў. Таму я за развіццё медыцыны ў гэтым напрамку».