Пошук

16.01.2017 14:32  

Сведчыць аб Езусе прыкладам хрысціянскага жыцця, канкрэтнымі ўчынкамі і без пляткарства заклікаў папа Францішак вернікаў парафіі Санта-Марыя-а-Сэттэвілле, у італьянскім горадзе Гуідонія-Монтэчэльё.

Пантыфік наведаў яе з пастырскімі візітам 15 студзеня 2017 года.

Спачатку Святы Айцец памаліўся разам з мясцовым святаром, 47-гадовым кс. Джузэпэ Бэрардзіна, паралізаваным ужо на працягу двух гадоў. Затым ён сустрэўся з парафіяльнай моладдзю і дзецьмі. Папы Францішак распавёў ім, што галоўным чынам вера перадаецца праз сведчанне, а не паўтарэнне словаў.

«Калі маем сябра, сяброўку, якія не вераць, не трэба казаць ім: “Ты павінен верыць таму, таму і таму...” і тлумачыць усё. Так не трэба рабіць! Гэта называецца празелітызмам, а мы хрысціяне ім не павінны займацца. Што ж тады рабіць? Калі нельга тлумачыць, што я павінен рабіць? Жыць такім чынам, каб ён ці яна спыталіся ў мяне: “Чаму ты жывеш так? Чаму робіш так?” І тут — так, трэба тлумачыць», — падзяліўся Папа.

Святы Айцец дадаў, што сведчанне даецца «словамі, сэрцам і рукамі».

Вера — гэта дар

Падчас сустрэчы з парафіяльнымі актывістамі Пантыфік заклікаў іх захоўваць веру нават у моманты выпрабаванняў. Папа прызнаўся, што і сам часам «крочыў у цемры веры».

«Паважай цемру ў душы. Пазней Пан абудзіць веру. Вера — гэта дар Пана. Нам трэба толькі захоўваць яго. Нельга навучыцца мець веру: вера прымаецца як дар», — сказаў ён.

Падчас сустрэчы з хворымі, папа Францішак заўважыў, што нават перад абліччам рэчаў, якія немагчыма патлумачыць, важна памятаць, што Езус захацеў быць блізка да людзей таксама і ў пакутах.

Кульмінацыяй пастырскага візіту Францішка стала Эўхарыстыя, якую ён узначаліў у мясцовым касцёле. Перад гэтым Папа паспавядаў некалькі чалавек.

У сваёй гаміліі Пантыфік адзначыў, што парафія становіцца няздольнай даваць хрысціянскае сведчанне, калі ў ёй прысутнічаюць плёткі. Святы Айцец адзначыў, што апосталы ніколі не гаварылі кепска адзін пра аднаго.
«Хочаце мець дасканалую парафію? Тады ніякіх плётак! Калі маеш штосьці супраць кагосьці, ідзі і распавядзі яму ў твар або скажы пробашчу. Але ніколі паміж сабой! Гэта будзе знакам таго, што Святы Дух прысутнічае ў парафіі», — сказаў Папа.

Беларуская рэдакцыя Ватыканскага радыё

Абноўлена 05.06.2017 13:29
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця