Пошук

14.01.2017 13:33  

Пантыфік скіраваў спецыяльны ліст да моладзі з нагоды апублікавання Падрыхтоўчага дакументу XV Генеральнай Звычайнай Асамблеі Сінода Біскупаў. Форум пройдзе ў кастрычніку 2018 г. у Ватыкане на тэму: «Моладзь, вера і распазнанне паклікання».

Пантыфік заўважыў, што словы, якія Бог скіраваў да Абрагама: «Выйдзі са сваёй роднай зямлі і з дому айца твайго ў зямлю, якую табе пакажу» (Быц 12,1), скіраваны таксама да сучаснай моладзі.

Яны, аднак, не заклікаюць аддаліцца ад блізкіх і свету, але з’яўляюцца запрашэннем выйсці ў напрамку «новай зямлі» — «больш справядлівага і братэрскага грамадства, якое вы глыбока жадаеце і хочаце пабудаваць аж да краю зямлі», — напісаў Пантыфік.

Святы Айцец нагадаў, што сёння слова «выйдзі» набывае іншае значэнне, асабліва ў сітуацыі, калі шмат моладзі вымушана пакідаць родныя землі, ратуючыся ад насілля. «Іх вокліч узыходзіць да Бога, як вокліч Ізраіля, нявольніка пад прыгнётам фараона», — падкрэсліў Пантыфік.

Папа запэўніў моладзь, што Бог глядзіць на яе і запрашае ісці за сабой. «Нават, калі ваша пілігрымаванне пазначана няўпэўненасцю і падзеннямі, багаты міласэрнасцю Бог працягвае сваю далонь, каб вас узняць», — дадаў ён.

Па словах Святога Айца, моладзь прагне перамен у свеце, бо яе сэрца не зносіць несправядлівасці і не жадае падпарадкоўвацца культуры адчужэння і глабалізацыі абыякавасці. Ён заклікаў юнакоў і дзяўчат актыўна ўдзельнічаць у будаванні больш шчаслівай будучыні.

«Лепшы свет будуецца і дзякуючы вам, вашаму жаданню зменаў і вашай шчодрасці. Не бойцеся слухаць Святога Духа, Які прапануе вам мужныя рашэнні, не марудзьце, калі сумленне вас просіць рызыкаваць, каб пайсці за Настаўнікам. Таксама і Касцёл жадае прыслухоўвацца да вашага голасу, вашай успрымальнасці, вашай веры і нават да вашых сумніваў і вашай крытыкі. Дайце пачуць ваш крык, дазвольце яму загучаць у супольнасцях і даносьце яго да душпастыраў. Святы Бэнэдыкт раіў абатам кансультавацца з моладзю перад прыняццем кожнага важнага рашэння, бо “часта менавіта самаму маладому Пан адкрывае найлепшае рашэнне”», — нагадаў Пантыфік.

«На працягу гэтага сінадальнага шляху я і мае браты біскупы жадаем стаць яшчэ большымі “саўдзельнікамі вашай радасці”», — падкрэсліў папа Францішак у сваім лісце да моладзі.

Беларуская рэдакцыя Ватыканскага радыё

Абноўлена 05.06.2017 13:29
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця