Пошук

18.11.2021 11:54   Паводле: Vatican News
Фота: romasette.it

16 лістапада Папа Францішак скіраваў пасланне з нагоды адкрыцця фотавыставы «Тварам да будучыні», прымеркаванай да 40-годдзя рымскага Centro Astalli — структуры Езуіцкай службы дапамогі мігрантам.

Як паведаміла Беларуская рэдакцыя парталу Vatican News, у экспазіцыі, адкрытай у касцёле Сант-Андрэа-аль-Квірынале, што ў гістарычным цэнтры Вечнага горада, прадстаўлены дваццаць фотапартрэтаў мігрантаў і бежанцаў, якія атрымалі дапамогу ў каталіцкай дабрачыннай установе.

Папа нагадаў, што выбраны народ ішоў па пустыні да Абяцанай зямлі на працягу доўгіх сарака гадоў.

«Таксама і на працягу апошніх сарака гадоў гісторыі развіццё чалавецтва не было лёгкім: колькасць людзей, вымушаных уцякаць са сваёй зямлі, пастаянна расце», — заўважыў Пантыфік.

Паводле яго, многія мігранты ўцякаюць ад жыццёвых умоў, «параўнальных з рабствам»; многія спазналі жахі вайны, жыццё без свабоды і правоў, наступствы экалагічных праблем і «не мелі іншай магчымасці акрамя той, каб вырушыць у дарогу да бяспечнага месца і там споўніць мары і імкненні, рэалізаваць таленты і здольнасці».

Папа Францішак заўважыў, што гэты шлях у многіх выпадках пралягаў праз «пустыні чалавечнасці і глабальнай абыякавасці, якая высушвае адносіны паміж людзьмі».

Ён нагадаў пра канфлікты ў розных частках свету, пашырэнне нацыяналізму і папулізму, будаванне муроў і вяртанне мігрантаў у небяспечныя месцы, што «здаецца адзіным рашэннем, на якое здольныя ўрады ў кіраванні перамяшчэннем людзей».

На працягу апошніх сарака гадоў, аднак, былі таксама і «шматлікія знакі надзеі», якія дазваляюць марыць пра тое, што людзі, як новы народ, будуць разам пілігрымаваць у кірунку «ўсё большага „мы“».

«Знакам і абліччам» гэтай надзеі з’яўляюцца мігранты, якія носяць у сабе «гарачае прагненне поўнага і шчаслівага жыцця» і дапамагаюць «не паўтараць памылак мінулага, змяняць сучаснасць і будаваць мірную будучыню», — перакананы пастыр паўсюднага Касцёла. Іншым знакам надзеі ён назваў людзей, якія дапамагаюць мігрантам, кіруючыся жаданнем больш справядлівага свету, дзе годнасць і правы належаць усім.

«Настаў час і нам жыць у Абяцанай зямлі, зямлі салідарнасці, якая ставіць нас на службу адно аднаму. Настаў час для супольнага дома, які складаецца з братэрскіх народаў», — сказаў Святы Айцец, заклікаючы да рэалізацыі «культуры сустрэчы», будавання мастоў і планавання супольных ініцыятыў, што і стане «Абяцанай зямлёй для ўсіх».

Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця