15 мая наступнага года ў Касцёле з’явіцца сем новых святых, сярод якіх французскі святар Шарль дэ Фуко.
Адпаведнае рашэнне было зацверджана Папам на кансісторыі сёлета 3 мая, але пры гэтым у сувязі з пандэміяй не была прызначана канкрэтная дата кананізацыі.
Як нагадвае Беларуская рэдакцыя парталу Vatican News, гаворка ідзе пра Лазара Пілаі, вядомага як Дэвасахаям, індыйскага свецкага верніка, мучаніка, забітага з нянавісці да веры (1712–1752); французскага святара Сэзара дэ Бюса (1544–1607), заснавальніка Кангрэгацыі Айцоў Хрысціянскай Дактрыны; Луіджы Марыю Палацолу (1827–1886), заснавальніка манаскай Супольнасці Сясцёр Бедных; Джусціно Марыю Русаліла (1891–1955), італьянскага святара, заснавальніка Таварыства Боскіх Пакліканняў і Кангрэгацыі Сясцёр Боскіх Пакліканняў; французскага святара Шарля дэ Фуко (1858–1916); італьянскую законніцу Марыю Франчэску ад Езуса (свецкае імя Анна Марыя Рубата, 1844–1904), заснавальніцу кангрэгацыі Сясцёр Капуцынак з Лаана і Марыю Дамэніку Мантавані (1862–1934), сузаснавальніцу і першую генеральную настаяцельніцу Інстытута Малых Сясцёр Святой Сям’і.
Дата правядзення ўрачыстай кананізацыі гэтых благаслаўлёных была абвешчана ў спецыяльным паведамленні Кангрэгацыі па справах кананізацыі, абнародаваным 9 лістапада.