Пошук

04.05.2021 10:56   Паводле: Vatican News / Catholic.by
Бл. Марыя Франчэска ад Езуса, бл. Марыя Дамэніка Мантавані, бл. Лазар Дэвасахаям, бл. Шарль дэ Фуко. Калаж: desdelafe.mx

3 мая ў Зале кансісторыяў Апостальскага палаца ў Ватыкане Папа Францішак узначаліў Звычайны кансісторый па кананізацыйных справах.

Як паведамляе Беларуская рэдакцыя парталу Vatican News, падчас кансісторыя былі прыняты рашэнні аб кананізацыі сямі благаслаўлёных, сярод якіх французскі святар Шарль дэ Фуко (1858–1916)

Шарль дэ Фуко нарадзіўся ў заможнай арыстакратычнай сям’і. Рана застаўшыся сіратой, быў выхаваны дзедам, які рыхтаваў яго да бліскучай вайсковай кар’еры.

У маладосці Шарль аддаліўся ад веры, а пасля навяртання доўга шукаў свой уласны шлях. Ён сем гадоў быў манахам трапістам, пасля чаго пакінуў манаскую супольнасць і скіраваўся ў Назарэт, дзе жыў у самотнасці, малітве і ў суровай аскезе пры кляштары кларысак. Праз некалькі гадоў такога жыцця ў горадзе, дзе прайшло дзяцінства Збаўцы, Шарль адчуў сябе малодшым братам Езуса ў сям’і Марыі і Юзафа.

У 43 гады ён стаў святаром і скіраваўся ў Алжыр, у пустыню Сахара, дзе сваім жыццём сярод мусульманаў без словаў сведчыў аб Хрыстовай любові.

Загінуў ва ўзросце 58-і гадоў ад рук бандытаў.

Іншыя благаслаўлёныя, якія будуць абвешчаны святымі, гэта Лазар Пілаі, вядомы як Дэвасахаям, індыйскі свецкі вернік, мучанік, забіты з нянавісці да веры (1712–1752); французскі святар Сэзар дэ Бюс (1544–1607), заснавальнік Кангрэгацыі Айцоў Хрысціянскай Дактрыны; Луіджы Марыя Палацола (1827–1886), заснавальнік манаскай супольнасці Сясцёр Бедных; італьянскі святар Джусціно Марыя Русаліла (1891–1955), заснавальніка Таварыства Боскіх Пакліканняў і Кангрэгацыі Сясцёр Боскіх Пакліканняў; італьянская законніца Марыя Франчэска ад Езуса (Анна Марыя Рубата, 1844–1904), заснавальніца Кангрэгацыі Сясцёр Тэрцыярак Капуцынак з Лаана; Марыя Дамэніка Мантавані (1862-1934), сузаснавальніца і першая генеральная настаяцельніца Інстытута Малых Сясцёр Святой Сям’і.

Раней Святы Айцец даручыў Кангрэгацыі па справах Кананізацыі абнародаваць дэкрэты аб мучаніцтве і сапраўднасці цудаў, здзейсненых праз заступніцтва згаданых благаслаўлёных.

Абноўлена 09.11.2021 15:45
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця