Пошук

15.10.2021 17:16   Catholic.by
Ілюстрацыйная выява: Deon.pl

У трэцюю нядзелю кастрычніка, якая ў гэтым годзе прыпадае на 17 кастрычніка, Каталіцкі Касцёл адзначае Сусветны дзень місій. Сёлета ён пройдзе ў 95-ы раз.

«У Сусветны дзень місій, які штогод адзначаецца ў трэцюю нядзелю кастрычніка, мы з удзячнасцю ўспамінаем усіх тых, хто сваім сведчаннем жыцця дапамагае нам аднавіць наша хроснае абавязацельства быць шчодрымі і радаснымі апосталамі Евангелля», — напісаў Папа Францішак у Пасланні, апублікаваным 6 студзеня, у свята Хросту Пана.

Тэма сёлетняга Паслання ўзята з Дзеяў Апосталаў:

«Мы не можам маўчаць пра тое, што бачылі і чулі» (Дз 4, 20). У ім Святы Айцец звяртаецца да вопыту першых хрысціянаў, якім давялося жыць у вельмі нялёгкія часы. Іх вера развівалася ў вельмі непрыхільным асяроддзя. Да маргіналізацыі і зняволення дадаваліся унутраныя і знешнія супрацівы, якія супярэчылі і нават наогул адмаўлялі тое, што яны бачылі і чулі. Аднак яны змаглі перамяніць усе гэтыя нязручнасці, супярэчнасці і цяжкасці ў нагоды для місіі. Дзеі Апосталаў вучаць нас у цяжкіх сітуацыях трымацца Хрыста з упэўненасцю, што Бог можа дзейнічаць у любых акалічнасцях, таксама і сярод уяўнай няпэўнасці, бо той, хто з любові аддае сябе Богу, дакладна прынясе шчодры плён.

Пастыр паўсюднага Касцёла прызнае, што таксама і цяперашні гістарычны момант з’яўляецца няпростым. Пандэмія абвастрыла і павялічыла цярпенне, самотнасць, беднасць і несправядлівасці, з-за якіх так шмат людзей ужо цярпела, а таксама выкрыла фальшывасць нашай бяспекі. Асобы, найбольш безабаронныя перад пагрозамі, яшчэ больш адчулі сваю бездапаможнасць і слабасць.

«Мы адчуваем прыгнечанасць, расчараванне, стомленасць. Аднак у гэтай сітуацыі мы абвяшчаем не саміх сябе, а Езуса Хрыста як Пана», — падкрэсліў Папа ў сваім Пасланні. Ён дадаў, што ў нашых супольнасцях і сем’ях гучыць Слова жыцця, якое дае надзею, свабоду і адвагу і менавіта яно робіць нас здольнымі на місію спачування.

«Існуе неадкладная патрэба ў місіянерах надзеі, якія, намашчаныя Панам, будуць здольныя прароча нагадваць, што ніхто не збаўляецца сам», — падкрэсліў Пантыфік.

Ён нагадаў, што як хрысціяне мы не можам пакінуць Пана толькі сабе. Вера ў нас аслабне, калі мы будзем жыць у ізаляцыі ці замыкацца ў малых групах. Мы павінны браць прыклад з першых хрысціянаў, якія ўмелі пайсці да язычнікаў , каб распавесці ім пра тое, што яны бачылі і чулі.

На заканчэнне сёлетняга Паслання на Сусветны дзень місій Святы Айцец падзякаваў усім місіянерам і заклікаў да малітвы аб новых місійных пакліканнях. Ён таксама адзначыў, што ўсе, хоць па-рознаму, пакліканыя да місіі.

Канцы свету, на якія Езус пасылае сваіх вучняў, сёння могуць знаходзіцца непасрэдна каля нас, нават у нашых сем’ях.

«Няхай Марыя, першая вучаніца-місіянер, учыніць, каб ва ўсіх ахрышчаных узрастала жаданне быць соллю і святлом на нашых землях», — напісаў Папа Францішак у сваім Пасланні.

Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа