Пошук

29.09.2021 16:25   Паводле: Vatican News
Ілюстрацыйная выява: depositphotos.com

29 верасня Святы Пасад абвясціў тэму 56-а Сусветнага дня масавай камунікацыі, які будзе адзначацца ў 2022 годзе. Гэтым разам яна гучыць вельмі лапідарна: «Слухайце!»

Як адзначае Беларуская рэдакцыя парталу Vatican News, выбраны Святым Айцом у якасці тэмы для наступага дня масавай камунікацыі заклік зачэрпнуты з Евангелля паводле Лукі: «Таму зважайце, як слухаеце. Бо хто мае, таму дадзена будзе, а хто не мае, у таго адымецца і тое, што, як здaецца яму, ён мае» (Лк 8, 18).

«Каб мець магчымасць па-сапраўднаму слухаць, патрэбная смеласць, неабходнае свабоднае і адкрытае сэрца, без забабонаў», — гаворыцца ў прэс-рэлізе Святога Пасаду.

Слуханне важнае для атрымання добрай інфармацыі. З гэтага пачынаецца пошук праўды, а потым і сведчанне праз сродкі сацыяльнай камунікацыі. Кожны дыялог, усе адносіны пачынаюцца са слухання. Таксама супрацоўнікі СМІ для прафесійнага росту і развіцця ў якасці «камунікатараў» павінны пастаянна вучыцца слухаць, — на гэта звяртаецца ўвага ў анонсе тэмы Сусветнага дня камунікацыі.

«У нашы дні, калі ўвесь Касцёл запрошаны слухаць, каб навучыцца быць Касцёлам сінадальным, нам усім прапануецца нанава адкрыць для сябе слуханне як неабходную ўмову добрай камунікацыі», — падкрэсліваецца ў афіцыйным паведамленні Святога Пасаду.

Сусветны дзень масавай камунікацыі адзначаецца ў Каталіцкім Касцёле з 1967 года. У большасці краін яго адзначаюць у нядзелю перад урачыстасцю Спаслання Духа Святога. Традыцыйна ў свята святых арханёлаў Міхала, Габрыэля і Рафала абвяшчаецца яго тэма, а пазней, 24 студзеня, ва ўспамін святога Францішка Сальскага, апекуна журналістаў, публікуецца адпаведнае папскае пасланне.

Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця