Хрысціянства і палітычны папулізм, сітуацыя ў Інда-Ціхаакіянскім рэгіёне, пытанне пра магчымасць візіту Папы ў Расію — тэмы, якія былі закрануты падчас размовы кардынала П’етро Параліна з журналістамі.
Як паведамляе беларуская рэдакцыя парталу Vatican News, Дзяржаўны Сакратар Яго Святасці Папы Францішка ўзяў удзел у сустрэчы Еўрапейскай народнай партыі, якая 22 верасня прайшла ў Рыме і была прысвечана дыялогу з Касцёлам. На палях форума бліжэйшы супрацоўнік Пантыфіка адказаў на некалькі пытанняў журналістаў.
Гаворачы пра прычыны сваёй прысутнасці на саміце адной з буйнейшых палітычных сіл ЕС іерарх падкрэсліў, што менавіта палітыкі пажадалі выслухаць прапановы і просьбы Касцёла. Акрамя таго ён заўважыў, што многія члены Еўрапейскай народнай партыі адкрыта вызнаюць хрысціянскія прынцыпы.
Каментуючы зварот да хрысціянскіях каштоўнасцяў у рыторыцы папулістаў правага кірунку Дзяржсакратар падкрэсліў важнасць таго, каб яны прымалі хрысціянства ў цэласнасці.
«У хрысціястве не выбіраецца тое, што найбольш падабаецца, ці тое, што зручнейшае: у хрысціянстве трэба прымаць усё. Да хрысціянства адносіцца абарона жыцця на ўсіх этапах: ад зачацця да натуральнай смерці, але таксама і любоў да бліжняга, якая праяўляецца ў з’яве міграцыі згодна з чатырма словамі, якія заўсёды нагадвае Папа: прымаць, абараняць, падтрымліваць і інтэграваць», — сказаў высокі ватыканскі іерарх, звяртаючы ўвагу на існаванне рызыкі інструменталізацыі рэлігій ці маніпуляцыі імі ў палітычны мэтах.
Кардынал Паралін зазначыў, што Касцёл падзяляе імкненне будаваць будучыню Еўропы на павазе да ўсіх вымярэнняў чалавечай асобы, у тым ліку да трансцэндэнтнага, на фундаменце супольнасці, субсідыярнасці і салідарнасці, што было ўласціва таксама айцам-заснавальнікам Еўрапейскага Саюза.
Іерарх выказаў занепакоенасць напружанасцю ў Інда-Ціхаакіянскім рэгіёне пасля стварэння альянсу AUKUS, які быў заснаваны ЗША, Вялікабрытаніяй і Аўстраліяй і прадугледжвае ядзернае ўзбраенне апошняй. Кардынал Дзяржсакратар нагадаў, што Святы Пасад не падтрымлівае павелічэнне ядзерных арсеналаў, бо яны не толькі не дапамагаюць захаванню міра і бяспекі ў свеце, але таксама ўмацоўваюць канфліктнасць.
Журналістаў цікавіла таксама пытанне аб магчымасці візіту Папы Францішка ў Расію.
«Я думаю, што Папа быў бы зацікаўлены ў паездцы ў Расію, як і ў іншыя краіны, але мне здаецца, што на цяперашні момант не існуе ўмоў для такога падарожжа. Жаданне павінна рэалізавацца ў канкрэтных умовах», — сказаў найбліжэйшы супрацоўнік Святога Айца, дадаўшы, што не можа сказаць пра тое, ці магчыма ў бліжэйшы час сустрэча паміж Папам і Патрыярхам Маскоўскім.