Пошук

24.09.2021 11:17   Падрыхтаваў: кс. Раман Суша / Catholic.by
Фота: Siciliani-Gennari / SIR

Святою Імшою ў ватыканскай базіліцы Святога Пятра распачалося чарговае пленарне пасяджэнне Рады Канферэнцый Біскупаў Еўропы (РКБЕ). Цэлебрацыю літургіі з нагоды 50-годдзя гэтай структуры, створанай у 1971 годзе і зацверджанай святым Паўлам VI, узначаліў Папа Францішак.

«Няхай дзверы Касцёла будуць адчынены для ўсіх, — заклікаў Папа ў гаіміліі, — і няхай не ўзнікае спакуса засяроджвацца выключна на праверцы і замене замкоў».

Святы Айцец адзначыў, што ў Еўропе, «хворай на стомленасць», якая страціла «дальнабачны» позірк заснавальнікаў; перад Касцёлам, занураным у дэбаты і стратэгіі з часта зачыненымі дзвярыма, стаіць задача «рэканструкцыі».

«Народ Ізраэля адбудаваў святыню сваімі рукамі. Тое ж зрабілі і вялікія аднаўляльнікі веры кантынента», — сказаў Папа.

«Я думаю пра святых, такіх як Марцін, Францішак, Дамінік, Піо, якога мы сёння ўспамінаем; такіх апекуноў, як Бэнэдыкт, Кірыл і Мятод, Брыгіта, Кацярына Сіенская, Тэрэза Бэнэдыкта ад Крыжа. Яны пачалі з сябе, змяніўшы сваё жыццё, прымаючы Божую ласку. Іх не турбавалі змрочныя часы, нягоды і розныя падзелы, якія заўсёды мелі месца. Яны не гублялі часу на крытыку і абвінавачванне. Яны жылі паводле Евангелля, незалежна ад актуальнасці і палітыкі. Такім чынам, з пяшчотнай сілай любові Бога яны ўвасаблялі Яго стыль блізкасці, суперажывання і пяшчоты, будавалі кляштары, ўзбагачалі землі, вярталі душу людзям і краінам: ніякай сацыяльнай праграмы, толькі Евангелле», — падкрэсліў пастыр паўсюднага Касцёла.

Аднаўленне, паводле Папы, азначае быць «дойлідамі зносін, ткачамі адзінства на ўсіх узроўнях: не праз стратэгію, а праз Евангелле». Калі будаваць такім чынам, тады сённяшнім мужчынам і жанчынам, якія лічаць Езуса чымсьці такім, пра што яны «ўжо чулі» або «ўжо бачылі», даецца магчымасць «убачыць».

«Многія ў Еўропе думаюць, што вера — гэта тое, што ўжо бачылі, што яна — набытак мінулага. Чаму? Таму што яны не бачылі Езуса ў падзеях свайго жыцця. І часта яны Яго не бачылі, таму што мы недастаткова паказвалі гэта сваім жыццём», — дадаў Папа Францішак.

Пасля святой Імшы ўдзельнікі пасяджэння аднавілі вызнанне веры каля канфесіі святога Пятра, а пры грабніцы Святога Яна Паўла II даверылі Еўропу Маці Божай.

Абноўлена 27.09.2021 11:26
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.