Пошук

25.09.2024 20:26   Фота: Эрык Савянок / Pio.by / Catholic.by

23 верасня ў парафіі святога Казіміра ў Маладзечне (Мінска-Магілёўская архідыяцэзія) адзначылі адпустовую ўрачыстасць тытулу касцёла — святога айца Піо з П’етрэльчыны.

Хоць гэтая парафіяльная супольнасць, у якой нясуць служэнне меншыя браты капуцыны, мае гістарычнага апекуна святога Казіміра, аднак новазбудаваная велічная святыня з чырвонай цэглы на вуліцы з прыгожай назвай Вялікі Гасцінец мае тытул святога Піо — манаха капуцына з Італіі. У дзень урачыстасці святую Імшу ў гэтым маладзечанскім касцёле цэлебраваў арцыбіскуп эмэрыт Тадэвуш Кандрусевіч.

Настаяцель маладзечанскай супольнасці капуцынаў брат Андрэй Жылевіч OFMCap ад імя братоў і вернікаў парафіі прывітаў арцыбіскупа Кандрусевіча як пастыра і як сведку веры і сапраўднага хрысціянскага жыцця. Брат Андрэй адзначыў, што неўзабаве, 20 кастрычніка, заслужаны іерарх адзначыць 35-ю гадавіну з часу біскупскага пасвячэння, якое атрымаў з рук святога Яна Паўла ІІ.

У прамоўленай гаміліі заслужаны іерарх напачатку звярнуў увагу на тое, што сёлета адзначаецца юбілей 800-годдзя атрымання стыгматаў святым Францішкам.

Святы айцец Піо, капуцын, які з’яўляецца духоўным сынам святога Франціка, таксама меў на сваім целе стыгматы — незагойныя раны, падобныя да ранаў Хрыста.

Арцыбіскуп Кандрусевіч адзначыў, што святы Піо з П’трэльчыны з’яўляецца адным з найбольш папулярных сучасных святых.

«Гэта духоўны герой сучаснасці, містык, стыгматык, прарок, візіянер, „вязень канфесіяналу“… У сваім жыцці ён практыкаваў словы святога апостала Паўла: „Для мяне жыццё — гэта Хрыстус“. У наш час бездухоўнасці яго прыклад натхняе», — падкрэсліў іерарх.

Ён дадаў, што Бог прамаўляе да чалавека рознымі спосабамі: перадусім праз сваё слова, праз розныя знакі і жыццёвыя падзеі, а таксама праз людзей, асабліва праз святых.

«Як мы глядзім на іх? Можа, захапляемся іх жыццём, жадаем цуду праз іх заступніцтва, ездзім на адпусты, але пры гэтым не хочам мяняць сваё жыццё. Што сказаў бы нам сёння падрэ Піо, калі б стаў перад намі і зазірнуў у нашае сумленне і сэрца?..» — прапанаваў адказаць прысутным на пытанне арцыбіскуп Кандрусевіч. Ён дадаў, што можна бясконца маліцца, „адгаворваць“ безліч ружанцаў і літаній, але ад усяго гэтага будзе мала карысці, калі сэрца чалавека зачынена для Бога і ён не жадае навяртання.

Арцыбіскуп заўважыў, што хрысціянства часта праяўляецца толькі ў знешніх рытуалах.

«У нас нярэдка ўзнікае спакуса праігнараваць барацьбу за чысціню веры, і мы лёгка здаемся, прымаем палавінчатае, няпоўнае, вонкавае, культурнае і „фальклорнае“ хрысціянства замест праўдзівага», — канстатаваў заслужаны іерарх. Ён патлумачыў, што сапраўднае хрысціянскае жыццё «павінна быць жыццём паводле Божага Духа, як кажа святы апостал Павел, а не паводле духа свету».

«Неабходна фармаваць сваё жыццё ў адпаведнасці са Святым Духам, які дадзены нам, і тады становімся на шлях навяртання», — сцвердзіў арцыпастыр.

На заканчэнне гаміліі ён заахвоціў вернікаў браць прыклад са святога Піо і слухаць Бога, які прамаўляе ў сваім слове, знаках часу і прыкладзе святых.

«Гэта хрысціянскі шлях, які вядзе да святасці і радасці неба», — запэўніў арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч.

 

Абноўлена 26.09.2024 10:01
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа