У нядзелю 22 верасня ў Лёзне (Віцебская дыяцэзія, Віцебскі дэканат) адбылася парафіяльная ўрачыстасць у гонар святога айца Піо з П’етрэльчыны.
Урачыстасць напярэдадні літургічнага ўспаміну святога італьянскага капуцына распачалася з Акафісту. Набажэнства правёў айцец Аляксей Варанко, пробашч грэка-каталіцкай парафіі Уваскрасення Хрыстовага з удзелам парафіянаў сваёй супольнасці і пілігрымамі, якія прыбылі, каб ушанаваць святога.
Цэлебрацыю ўрачыстай святой Імшы ў лёзненскім касцёле ўзначаліў ксёндз канонік доктар Сяргей Сурыновіч, пробашч парафіі святога Антонія Падуанскага ў Віцебску і віцэ-дэкан Віцебскага дэканата. Разам з ім святую Імшу канцэлебравалі пробашч парафіі ў Лёзне ксёндз канонік Аляксей Ляшко, ксёндз Аляксандр Сапель SDS і ксёндз Генадзь Рэйшэль з Віцебска, а таксама ўжо згаданы грэка-каталіцкі святар айцец Аляксей.
Вітаючы прысутных, ксёндз Аляксей Ляшко, між іншым, сказаў:
«Нягледзячы на тое, што айцец Піо святы з далёкай Італіі, ён вельмі блізкі для нас. Яго апека і малітоўнае заступніцтва заўсёды нас суправаджаюць. Пасля сённяшняй урачыстасці ніхто не вернецца дадому, не атрымаўшы ласку ад Пана Бога дзякуючы заступніцтву айца Піо».
У прамоўленай гаміліі ксёндз Сяргей Сурыновіч падкрэсліў галоўныя рысы святога айца Піо: сціпласць, пакору, паслухмянасць, а таксама тое, як стылем свайго жыцця гэты манах абвяшчаў Евангелле.
Святар узгадаў і яшчэ пра адну адметную рысу святога: добрае пачуццё гумару, апавёўшы адну цікавую гісторыю з жыцця айца Піо.
Урачыстасць упрыгожвылі спевы ў выкананні хору пад кіраўніцтвам сястры Марыі Ёнашы Мровец.
Пасля Імшы адбылося выстаўленне Найсвяцейшага Сакрамэнту, чытанне просьбаў і Літаніі да святога айца Піо, Эўхарыстычная працэсія і ўшанаванне рэліквій святога. Завяршылася ўрачыстасць супольным пачастункам, прыгатаваным вернікамі парафіі ў Лёзне.