Пошук

25.02.2021 17:04   Тэкст, фота і відэа: кс. Віктар Місевіч / Catholicnews.by

У парафіі Святога Падрэ Піо ў Лёзне няма арганіста. Але затое ёсць свой музыка на духавых інструментах, які суправаджае спеў падчас літургіі ігрой на карнэце.

З ім знаёміць ксёндз канонік Віктар Місевіч, дырэкатар парталу Catholicnews.by.

Музыка Ігар Лакотка кожную нядзелю прыязджае за 15 кіламетраў на святую Імшу ў лёзненскую парафію і акампанементам на карнэце дапамагае парафіянам вывучаць новыя і ўдасканальваць добра вядомыя спевы. Пробашч парафіі ксёндз Аляксей Ляшко гаворыць: «Спачатку я спытаўся ў спадара Ігара, ці мог бы ён іграць на Імшы на клавішным інструменце. Але яму зручней было на карнэце. Усё ж такі ён выкладчык музычнай школы. Я вельмі рады, што спадар Ігар пагадзіўся іграць.

Літургія з музычным суправаджэннем выглядае больш урачыстай», — кажа пробашч.

Пасля святой Імшы падыходжу да музыкі, каб паразмаўляць з ім пра музыку ў касцёле. Ён акурат абмяркоўвае з парафіянамі спевы на наступную нядзелю. Гэта ўжо будзе перыяд Вялікага посту, таму трэба падрыхтавацца да новых мелодый.

Пытаюся ў Ігара пра яго новы від дзейнасці, на што ён адказвае: «Ведаеце, для мяне касцёльная музыка — гэта нешта зусім новае. Спевы адрозніваюцца ад свецкіх твораў не толькі зместам, але і кампазіцыяй. Зусім іншая мелодыка.

Я з радасцю пагадзіўся іграць на святой Імшы, таму што бачу: парафіянам нестае дакладнасці ў выкананні спеваў. Большасць з іх не ведае нот, а хочацца, каб спевы гучалі правільна», — кажа касцёльны карнэціст.

На маё пытанне, ці даўно Ігар ходзіць у касцёл, ён шчыра адказвае: «Мяне ахрысцілі ў ідолцкім касцёле ў свядомым узросце ў 1969 годзе. З таго часу жыццё мяне закруціла, і я толькі і памятаў малітву „Ойча наш“.

Вось цяпер пачаў успамінаць свае карані і пакрысе спазнаваць каталіцкую традыцыю. Я моцна веру, што малітва верніка мае вялікую моц. Так не раз адбывалася са мною. У экстрэмальных сітуацыях заўсёды маліўся малітвай „Ойча наш“, якой мяне навучыла мая цёця. Лічу, што гэтая малітва і апека Анёла Ахоўніка выратоўвалі мяне, калі трапляў у бяду».

«Што найбольш складана ў касцельнай музыцы?» — пытаюся ў Ігара.

«Напэўна, тое, што людзі любяць зацягваць спевы. Я па нотах бачу, што тэмп павінен быць іншы. Бывае, што калядныя спевы, якія па сваім характары вельмі жывыя і радасныя, гучаць у выкананні парафіянаў вельмі распеўна. Мне ж як духавіку, звыкламу да аркестраў, хочацца вытрымліваць больш хуткі тэмп з вывераным тактам. Але мы спраўляемся».

«Ці цяжка граць на карнэце?» — пытаюся. Ігар з усмешкай адказвае: «Ну, вы можаце паспрабаваць, але ў вас нічога не атрымаецца. Па-першае, інструмент ужо астыў, яго трэба сагрэць сваім дыханнем».

Ігар бярэ ў рукі латунны інструмент і пачынае дзьмухаць у яго, каб той сагрэўся. «Затым неабходна мець правільную пастаноўку вуснаў і дыханне. Без гэтых элементаў іграць на духавым інструменце немагчыма. Хоць у карнэце ўсяго тры клавішы».

З інструмента льецца мелодыя.

«Гэта фактычна арган, толькі з адным рэгістрам», — падумалася мне. Парафію ў Лёзне пакідаю з прыемнымі ўспамінамі.

Радасна, што людзі імкнуцца да касцёла, знаходзяць сваю дарогу да Бога нават у старэйшым узросце. Ніколі не позна ўспомніць пра свае вытокі. Ніколі не позна ўвайсці ў парафіяльную супольнасць. А раптам менавіта мяне там акурат не хапае? А можа, мае таленты сёння вельмі патрэбныя Богу і людзям?

Карнэт (італ.: cornetto — «ражок») або карнэт-а-пістон (фр. cornet à pistons — «ражок з поршнямі») — медны духавы музычны інструмент, які нагадвае трубу, але мае больш шырокую і кароткую трубку, а замест вентыляў — поршні. Вядзе сваё паходжанне ад паштовага ражка. Быў сканструяваны ў Францыі каля 1830 года.

Абноўлена 25.02.2021 17:38
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця