Пошук

20.08.2021 10:33   Паводле: Vatican News
Брат Гай Кансалманьё. Фота: Nicola Allegri / famigliacristiana.it

Для амерыканскага езуіта і дырэктара Ватыканскай абсерваторыі ў Кастэль-Гандольфа брата Гая Кансалманьё захапленне Сусветам мае ў тым ліку і глыбокае духоўнае вымярэнне.

«Чалавек адчувае голад не толькі фізічна, але і духоўна. Чалавек жыве не адным хлебам. Прыгажосць, якую мы знаходзім у зорках, — гэта не толькі знешняя прыгажосць. Яна кажа пра тугу ў нашай душы», — цытуе словы манаха з інтэрв’ю зальцбуржскаму каталіцкаму тыднёвіку Rupertusblatt Беларуская рэдакцыя парталу Vatican News.

Для брата Гая даследванне сусвету і вера ў Бога не выключаюць адно аднаго:

«Мы знаходзім Бога ў сусвеце, у яго парадку і прыгажосці», але «я знаходжу Яго і ў сабе; Ён сам падштурхоўвае мяне глядзець і шукаць Яго». Езуіт, аднак, выключыў магчымасць таго, што калі-небудзь навука дасць доказы існавання Бога, бо «гэта не яе праца». Бог, якога можна было б растлумачыць навукова, быў бы меншым за навуку — і таму не быў бы Богам, у Якога мы верым», — сказаў даследчык.

Галоўны ватыканскі астраном лічыць праблемай пашырэнне эканамічнага выкарыстання космасу людзьмі. «Што датычыцца космасу, то пакуль няма пастаянных законаў, прымальных для ўсіх бакоў. Мільярдэры запускаюць спадарожнікі ў космас, што ўскладняе іншым заданне рабіць навуковыя высновы з назіранняў за небам», — сказаў ён. На яго думку, факт неабходнасці законаў у космасе стане актуальным не пазней за першыя буйныя аварыі, выкліканыя касмічным смеццем. Езуіт перасцярог ад наіўнага меркавання, што можна сысці ад сваіх праблем пакідаючы Зямлю.

На пытанне, ці ёсць у космасе іншыя разумныя істоты, брат Гай адказаў: «У мяне няма такіх дадзеных, таму ў мяне няма і падстаў верыць у гэта ці не. Але я думаю, што варта пашукаць. Магчыма, мы сапраўды ўнікальныя ў сусвеце, а можа і не».

Законнік патлумачыў, што фізічныя законы, якія дзейнічаюць на Зямлі, дзейнічаюць і на іншых планетах.

Акрамя таго, можна меркаваць, што «закон дабра і зла дзейнічае і па-за зямлёй».

Свабодная воля — гэта экзістэнцыяльны кампанент чалавечай душы. Яна прымае або адхіляе адносіны з Богам — «апошняе мы называем грахом». «Такім чынам, калі іншы разумны від таксама валодае свабоднай воляй і можа разарваць адносіны з Богам, «яму неабходна збаўленне гэтак жа, як і нам», — заўважыў ён.

Перавагай працы Ватыканскай абсерваторыі езуіт назваў доўгатэрміновасць яе праектаў. Гэта немагчыма ў іншых месцах, дзе трэба прадставіць вынікі не пазней за тры гады. «Дадзеныя і высновы, якія мы атрымалі, часта аказваліся вельмі важнымі для іншых навукоўцаў і ўстаноў», — заўважыў астраном.

Гай Кансалманьё нарадзіўся ў 1952 годзе ў Дэтройце. Вучыўся ў Масачусэцкім тэхналагічным інстытуце і атрымаў ступень доктара філасофіі ў Арызонскім універсітэце. Працаваў у шэрагу даследчых устаноў, у тым ліку ў Корпусе міру ў Кеніі. У 1989 годзе ён уступіў у Таварыства Езуса — ордэн езуітаў. З 1993 года працуе ў Ватыканскай астранамічнай абсерваторыі, дзе з’яўляецца куратарам калекцыі метэарытаў. Яго ўнёсак у астранамічныя доследы адзначаны шматлікімі ўзнагародамі.

Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця