Пошук

16.07.2021 19:17   Паводле: Vatican News
Ілюстрацыйнае фота: CNS / Paul Haring

16 ліпеня быў апублікаваны ліст Папы Францішка ў форме motu proprio «Traditionis custodes», у якім перагледжаны парадак выкарыстання Імшала да літургічнай рэформы 1970 года. Цяпер большыя паўнамоцтвы ў гэтым пытанні будуць мець пастыры дыяцэзій.

Як паведаміла Беларуская рэдакцыя парталу Vatican News, Папа Францішак, параіўшыся з біскупамі, вырашыў змяніць правілы выкарыстання Імшалу 1962 года, уведзеныя чатырнаццаць гадоў таму яго папярэднікам Бэнэдыктам XVI. З гэтай мэтай Пантыфік апублікаваў ліст у форме motu proprio «Traditionis custodes», прысвечаны цэлебрацыі рымскай дасаборнай літургіі, і суправадзіў яго лістом, у якім патлумачыў прычыны свайго рашэння.

Адказнасць за рэгуляванне цэлебрацыі паводле дасаборнага абраду вяртаецца да біскупа як мадэратара дыяцэзіяльнага літургічнага жыцця.

Папа Францішак пацвярджае «яго выключную кампетэнцыю дазволіць выкарыстоўваць Missale Romanum 1962 года ў дыяцэзіі згодна з рэкамендацыямі Апостальскай Сталіцы».

Біскупу трэба будзе пераканацца, што групы, якія ўжо цэлебруюць паводле старажытнага імшала, «не выключаюць сапраўднасці і законнасці літургічнай рэформы, прадыктаванай Другім Ватыканскім Саборам і Настаўніцтвам Найвышэйшых Пантыфікаў».

Імшы ў дарэформавым абрадзе больш не будуць праводзіцца ў парафіяльных святынях: біскуп вызначыць касцёл і дні цэлебрацыі.

Чытанні павінны гучаць «на народнай мове» з выкарыстаннем перакладаў, зацверджаныя Канферэнцыямі Біскупаў. Цэлебраваць такую Імшу будзе святар, якога дэлегуе пастыр дыяцэзіі. Апошні таксама адказвае за тое, каб цэлебрацыя здзяйснялася ў адпаведнасці са старажытным імшалам і мела «плённую карыснасць для духоўнага росту». Неабходна, каб адказны святар меў у аснове сваёй працы не толькі годную цэлебрацыю літургіі, але і душпастырскую і духоўную апеку над вернікамі. Таксама біскуп «паклапоціцца пра тое, каб не даваць дазволу на стварэнне новых груп».

Святары, якія атрымалі пасвячэнне пасля публікацыі сённяшняга ліста ў форме motu proprio і маюць намер служыць з выкарыстаннем дасаборнага імшала, «павінны падаць афіцыйную просьбу дыяцэзіяльнаму біскупу, які перад удзяленнем дазволу пракансультуецца з Апостальскай Сталіцай». Тыя, хто ўжо гэта робіць, павінны звярнуцца да дыяцэзіяльнага біскупа за далейшым дазволам. Манаскія інстытуты, «створаныя ў свой час Папскай камісіяй Ecclesia Dei», перадаюцца ў кампетэнцыю Кангрэгацыі па справах Інстытутаў кансэкраванага жыцця і Таварыстваў апостальскага жыцця. Гэтая дыкастэрыя, а таксама Кангрэгацыя Божага Культу і Дысцыпліны Сакрамэнтаў будуць сачыць за захаваннем новых нормаў.

У суправаджальным лісце да дакумента Папа Францішак тлумачыць, што саступкі, устаноўленыя папярэднікамі для выкарыстання старажытнага імшала, былі ў асноўным абумоўлены «імкненнем спрыяць пераадоленню расколу з рухам на чале з арцыбіскупам Лефэўрам». Папа нагадаў, што рашэнне Бэнэдыкта XVI з яго лістом у форме motu proprio «Summorum Pontificum» было падмацавана перакананасцю ў тым, што выкарыстанне дасаборнай літургіі не можа ставіць пад сумнеў рашэнняў Другога Ватыканскага Сабору. Паводле яго, «дзве формы выкарыстання рымскага абраду маглі ўзбагаціць адна адну».

Але апытанне, праведзенае нядаўна Кангрэгацыяй Веравучэння сярод біскупаў, выявіла сітуацыю, якая ўсхвалявала і занепакоіла Папу Францішка, як прызнаўся ён сам, і таму прывяла да «неабходнасці ўмяшання».

Гаворка ідзе пра: «павелічэнне дыстанцыі, узмацненне рознагалосся, стварэнне кантрастаў, якія шкодзяць Касцёлу і перашкаджаюць яго развіццю, падвяргаючы рызыцы падзелаў».

Пастыр паўсюднага Касцёла засмучаны злоўжываннямі ў літургічных цэлебрацыях «з абодвух бакоў», але таксама «інструментальным выкарыстаннем Missale Romanum 1962 года, што ўсё часцей характарызуецца нарастаючым непрыманнем літургічнай рэформы», праведзенай Другім Ватыканскім Саборам, з неабгрунтаваным сцвярджэннем, што ён нібыта «здрадзіў» Традыцыі і «сапраўднаму Касцёлу». Сумнявацца ў Саборы, патлумачыў Папа Францішак, «азначае сумнявацца ў саміх намерах Айцоў, якія ўрачыста ажыццяўлялі сваю калегіяльную ўладу cum Petro et sub Petro на паўсюдным Саборы, і, у рэшце рэшт, сумнявацца ў самім Святым Духу, Які кіруе Касцёлам».

Нарэшце, Папа назваў апошнюю прычыну свайго рашэння: «у словах і адносінах многіх людзей усё часцей выяўляецца цесная ўзаемасувязь паміж выбарам цэлебрацыі ў адпаведнасці з літургічнымі кнігамі, якія папярэднічалі Другому Ватыканскаму Сабору, і непрыманнем Касцёла і яго інстытутаў у імя таго, што яны лічаць „сапраўдным Касцёлам“.

Гэта паводзіны, якія супярэчаць камуніі, падсілкоўваюць імкненне да падзелу <…> супраць якога рашуча выступаў апостал Павел».

Сваё рашэнне аб скасаванні магчымасці, дадзенай папярэднікамі, Папа Францішак тлумачыць «абаронай адзінства Цела Хрыстовага».

Абноўлена 16.07.2021 19:23
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа