14 ліпеня, пасля выпіскі з клінікі Джэмэллі і вяртання ў Ватыкан, Папа Францішак змясціў допіс у сваім акаўнце ў Твітары, у якім дзякуе за падтрымку і запрашае не забывацца пра хворых і пра тых, хто імі апякуецца.
Падчас свайго дзесяцідзённага знаходжання ў клініцы ў сувязі з планавай аперацыяй на кішэчніку, Святы Айцец атрымаў мноства словаў падтрымкі ад вялізнай колькасці простых людзей, рэлігійных лідараў і высокіх асоб: ад праваслаўнага арцыбіскупа Кіпра да імама Аль-Азхара, ад біскупаў Венесуэлы да караля Бельгіі.
«Я дзякую ўсім тым, хто быў побач са мною сваімі малітвамі і добразычлівасцю падчас майго знаходжання ў бальніцы. Не будзем жа забывацца маліцца за хворых і за тых, хто імі апякуецца», — напісаў Папа Францішак на сваім акаўнце ў Твітары @Pontifex пасля вяртання ў Ватыкан з рымскай клінікі імя Агостыно Джэмэллі.