![](/3/images/news/2021/06/2021-06-11-PapaUdienzaPiazzaSanPietro.jpg)
10 чэрвеня падчас сустрэчы з італьянскімі семінарыстамі Папа Францішак параўнаў духоўную семінарыю са Святой Сям’ёй з Назарэта, у якой «прынялі, ахоўвалі і фарміравалі Езуса з улікам місіі, даручанай Яму Айцом».
Як перадае Беларуская рэдакцыя парталу Vatican News, год святога Юзафа, які цяпер праходзіць у Касцёле, натхніў Пантыфіка на разважанні, звязаныя з пакліканнем «гэтай надзвычайнай асобы». Апякун Езуса вучыць нас, што без паслухмянасці ніхто не можа расці і сталець.
Пантыфік папрасіў выхаваўцаў Папскай рэгіянальнай семінарыі імя Пія XI у Марке быць для семінарыстаў тымі, кім Юзаф быў для Езуса.
«Няхай яны вучацца пакоры ад вашай паслухмянасці; працавітасці ад вашай самаадданасці; шчодрасці да бедных ад сведчання вашай цвярозасці і спагадлівасці; айцоўству дзякуючы вашай жывой і цнатлівай любові», — выказаў пажаданне Святы Айцец.
Ён дадаў, што для будучых святароў семінарыя «можа быць як дом у Назарэце, у якім Сын Божы ад бацькоў навучыўся чалавечнасці і блізкасці».
«Не задавальняйце тым, што вы ўмееце карыстацца сацыяльнымі сеткамі і сродкамі камунікацыі. Толькі перамененыя Словам Божым, вы зможаце дзяліцца словам жыцця.
Свет прагне святароў, здольных сведчыць пра дабрыню Пана тым, хто зведаў грэх і няўдачы; святароў, якія валодаюць чалавечнасцю; душпастыраў, гатовых падзяляць радасць і цяжар сваіх братоў; людзей, якія ўмеюць пачуць енк тых, хто пакутуе», — звярнуўся да сваіх маладых гасцей пастыр паўсюднага Касцёла.
Папа прапанаваў «некалькі ідэй», якія датычацца чатырох вымярэнняў фармацыі: чалавечага, духоўнага, інтэлектуальнага і душпастырскага. Ён прапанаваў семінарыстам «не бегчы ад сваёй чалавечнасці, не адмаўляцца ад складанасці свайго ўнутранага свету, пачуццяў і эмацыянальнасці; не закрывацца ў сабе падчас крызісу ці слабасці».
Малітва, фундамент духоўнасці, «павінна быць не рытуалам, а нагодай для асабістай сустрэчы з Богам, для дыялогу з Ім і даверу да Яго. «Сачыце, каб літургія і супольная малітва не сталі цэлебрацыяй вас саміх», — пажадаў Папа. Ён заклікаў маладых людзей ужо цяпер «адчуваць сябе заступнікамі свету».
Інтэлектуальная фармацыя, звярнуў увагу Святы Айцец, дапаможа будучым святарам «свядома і кампетэнтна ўвайсці ў складанасць сучаснай культуры і думак, не баяцца і не ставіцца варожа да гэтага». «Менавіта тут увасабляецца мудрасць Евангелля. І задача місіі, якая чакае вас, патрабуе сёння як ніколі кампетэнтнасці і падрыхтоўкі», — адзначыў Папа.
Душпастырская фармацыя дапамагае «з энтузіязмам ісці насустрач людзям».
«Святар, які служыць народу Божаму, павінен клапаціцца пра раны ўсіх, асабліва бедных», — заўважыў Пантыфік, заклікаючы выхаванцаў семінарыі трымацца ў баку ад любой формы клерыкалізму.
Завяршаючы сустрэчу, Папа Францішак падзякаваў сваім гасцям «за сведчанне касцёльнай камуніі».