Пошук

12.10.2026 21:30   Паводле: Grodnensis.by

10 кастрычніка ў Міждыяцэзіяльнай вышэйшай духоўнай семінарыі ў Гродне ўрачыста распачаўся новы навучальны год.

У святкаванні з гэтай нагоды ўдзельнічалі біскупы, выкладчыкі, іншыя супрацоўнікі і студэнты семінарыі, родныя семінарыстаў, шматлікія госці.

У пачатку цырымоніі афіцыйнага адкрыцця навучальнага года ўвазе прысутных была прадстаўлена справаздача з мінулага года, якая падвяла вынікі інтэлектуальнага, духоўнага і пастырскага жыцця семінарыйнай супольнасці.

Біскуп Гродзенскі Уладзімір Гуляй у прывітальным слове назваў гэтую супольнасць асаблівай, бо «семінарыя значна адрозніваецца ад іншых адукацыйных устаноў». «У ёй перадача ведаў не з’яўляецца мэтай сама па сабе і не вычэрпвае сутнасці працэсу фармацыі, — патлумачыў іерарх. — Семінарыйная фармацыя кандыдатаў да святарства адбываецца на чатырох гарманічна спалучаных і сузалежных платформах ці ўзроўнях: фармацыя інтэлектуальная, ці здабыццё і памнажэнне ведаў, арганічна і непарыўна звязана з фармацыяй чалавечай, духоўнай і душпастырскай. Толькі такі ўсебаковы і гарманічны фармацыйны працэс здольны забяспечыць адпаведную падрыхтоўку тым, хто адчуў у сабе голас Хрыста Уваскрослага, які нястомна кліча абраных да выключнага служэння Касцёлу і Божаму народу ў святарскім стане».

«З вялікай пакорай і ўдзячнасцю Пану Богу можна сказаць, што трыццаць шэсць гадоў семінарыя ў Гродне спаўняе гэтую задачу, забяспечваючы як Касцёл на Гродзеншчыне, так і іншыя дыяцэзіі Беларусі і нават лакальныя Касцёлы за межамі нашай краіны святарамі, якія адзначаюцца добрай істотнай падрыхтоўкай, грунтоўнымі тэалагічнымі ведамі, багатай асабістай духоўнасцю, душпастырскім запалам і сапраўдным жаданнем рупліва служыць вернаму народу»,

— дадаў біскуп.

Звяртаючыся да семінарыстаў, ён падкрэсліў, што ў новым навучальным годзе найбольш важныя іх сумленнасць, стараннасць, адкрытасць на Божую ласку, зацікаўленасць. «Час семінарыйнай фармацыі вельмі кароткі. Таму трэба добра яго выкарыстаць, адначасова памятаючы, што фармацыя святара працягваецца ўсё яго жыццё, а час вучобы ў семінарыі — закладка фундаменту пад ваша будучае святарства», — сказаў біскуп.

Традыцыйную лекцыю на адкрыццё навучальнага года прачытаў вікарый гродзенскай парафіі Божай Міласэрнасці ксёндз Уладзіслаў Чуйко SCJ, які сёлета далучыўся да шэрагу выкладчыкаў семінарыі. У лекцыі ён закрануў тэму адчувальнасці ў духоўным жыцці. Святар адзначыў, як важна для будучых пастыраў развіваць унутраную чуласць да Божага слова і патрэбаў бліжняга.

Адметным момантам цырымоніі стала прыняцце ў семінарыйную супольнасць студэнтаў прапедэўтычнага курса — ім былі ўручаны заліковыя кніжкі.

Цэнтральным пунктам святкавання была Імша, якую цэлебраваў у гродзенскай катэдры біскуп Уладзімір Гуляй. Ва ўступным слове ён прапанаваў падумаць над пытаннямі: «Ці станем мы ў гэтым навучальным годзе больш вернымі Хрысту? Ці навучымся лепш слухаць? Ці будзе ў нашым сэрцы больш месца для Бога і для чалавека?» Гэтыя пытанні, па словах іерарха дазваляюць убачыць сапраўдны сэнс семінарыйнай фармацыі.

У гаміліі біскуп адзначыў: «Семінарыя — гэта школа сэрца. Тут чалавек вучыцца пазнаваць Бога і самога сябе, прымаць любоў Пана і адказваць на яе ўсёй сваёй асобай. Тут паступова павінна нараджацца сэрца пастыра: вернае, пакорнае, мужнае і здольнае спачуваць. Вядома, будучы святар павінен старанна вывучаць філасофію і тэалогію, Святое Пісанне, літургію і вучэнне Касцёла, умець адказваць на складаныя пытанні і адказна абвяшчаць праўду. Але кожныя атрыманыя веды павінны дапамагаць яму глыбей любіць Бога і лепш служыць чалавеку. За пытаннем, якое хтосьці задасць святару, можа стаяць вялікі боль, за маўчаннем — разгубленасць, за рэзкім словам — просьба аб дапамозе, якую чалавек яшчэ не ўмее выказаць. Таму ўжо сёння трэба вучыцца слухаць так, каб пачуць чалавека; глядзець так, каб заўважыць яго патрэбу; гаварыць так, каб слова несла праўду і надзею».

Біскуп нагадаў, што Папа Леў XIV на сустрэчы з семінарыстамі заклікаў «вучыцца любіць Сэрцам Хрыста», «не задавальняцца мінімумам» і адказна ўдзельнічаць у сваёй фармацыі. «Святарскае жыццё патрабуе штодзённага, асабістага адказу на любоў Хрыста, — сказаў пастыр Гродзенскай дыяцэзіі. — У семінарыі такі адказ пачынаецца з простых рэчаў: прыйсці на малітву з жаданнем сустрэцца з Панам; адкрыць падручнік з усведамленнем будучай адказнасці; выканаць даручаную працу сумленна; дапамагчы брату, нават калі гэтага ніхто не заўважыць; прыняць заўвагу і задумацца, што праз яе Бог хоча змяніць ува мне».

«У цішыні перад Найсвяцейшым Сакрамэнтам мы паступова вучымся распазнаваць, чым жыве сэрца. Што мяне радуе? Чаго я баюся? Чаму шукаю пахвалы? Адкуль бярэцца мая нецярплівасць? Што перашкаджае мне давяраць Богу? Не бойцеся прыносіць гэтыя пытанні Езусу, не бойцеся шчырай размовы з духоўным айцом і выхаваўцамі»,

— параіў біскуп семінарыстам.

Таксама іерарх патлумачыў, што азначае слухаць і захоўваць Божае слова: «Гэта значыць, што прачытаны ўрывак Евангелля павінен працягвацца ў нашым дні: у тым, як мы размаўляем, у стаўленні да брата, у вернасці абавязкам, у гатоўнасці прабачыць».

Студэнтам трэцяга курса семінарыі, якія на гэтай літургіі ўпершыню апранулі сутаны, біскуп сказаў: «Праз хрост вы ўжо належыце Хрысту. Цяпер, прымаючы духоўнае адзенне, вы хочаце бачным чынам засведчыць сваю гатоўнасць далей распазнаваць Яго заклік і рыхтавацца да служэння». Іерарх заклікаў іх памятаць, што людзі, якія ўбачаць іх у духоўным адзенні, могуць звярнуцца з пытаннем пра Бога, папрасіць малітвы або падзяліцца болем, і пажадаў, каб іх прысутнасць дапамагала людзям адкрываць дабрыню Хрыста. «Захоўвайце адзінства паміж гэтым бачным знакам і тым, чым жыве сэрца. Няхай духоўнае адзенне суправаджаюць дух малітвы, чыстыя намеры, праўдзівасць і гатоўнасць служыць», — заахвоціў біскуп.

Вельмі важнымі для семінарыі ён назваў словы з Паслання да Галатаў: «Мы адно ў Хрысце Езусе». «Тут вы пакліканы будаваць братэрскую супольнасць. Вучыцеся радавацца поспехам іншага. Будзьце ўважлівыя да таго, хто перажывае цяжкасці. Умейце прасіць прабачэння і прабачаць. Братэрства, якое вы будуеце сёння, стане важнай апораю ў будучым святарскім служэнні. Нашым парафіям патрэбны пастыры, якія ўмеюць супрацоўнічаць і разам несці адказнасць за даручаных ім людзей»,

— сказаў іерарх.

Абрад благаслаўлення сутан здзейсніў біскуп Віцебскі Алег Буткевіч. Студэнты, якія ў гэты дзень упершыню апранулі іх, у канцы літургіі выказалі ўдзячнасць Богу, які дазволіў ім дасягнуць гэтага моманту, звярнуліся з цёплымі словамі да бацькоў, выхавацеляў, выкладчыкаў і вернікаў, якія малітвай і падтрымкай дапамагаюць ім распазнаваць і рэалізоўваць святарскае пакліканне.

У семінарыі называюць момант апранання сутан доўгачаканым і хвалюючым для трэцякурснікаў, а адкрыццё навучальнага і фармацыйнага года — важнай падзеяй для семінарыйнай супольнасці, адзначаючы: «Наперадзе ў маладых людзей — час інтэнсіўнай малітвы, вучобы і ўзрастання ў святасці».

Абноўлена 12.10.2026 23:46
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа