Пошук

10.06.2021 17:00   Паводле: Vatican News
Кардынал Рэйнхард Маркс. Фота: Imago

Папа Францішак не прыняў адстаўку кардынала Рэйнхарда Маркса з пасады арцыбіскупа Мюнхенска-Фрайзінгскага, аб якой прасіў Святога Айца нямецкі іерарх. Сваё рашэнне Пантыфік патлумачыў у адмысловым лісце, абнародаваным на іспанскай мове 10 чэрвеня.

Як паведамляе Беларуская рэдакцыя парталу Vatican News, Папа падзякаваў нямецкаму кардыналу за «хрысціянскую мужнасць, якая не баіцца крыжа і не баіцца прынізіцца перад жудаснай рэальнасцю граху». Ён спаслаўся на дасланы яму раней ліст Маркса і адзначыў, што крызіс перажывае не толькі ён, але і ўвесь Касцёл у Германіі. Але «Касцёл цяпер не можа зрабіць крок наперад, не прыняўшы гэтага крызісу», і «сацыялагізмы з псіхалагізмамі тут не дапамогуць». На думку Святога Айца, выйсці з яго можна толькі ў супольнасці.

Папа лічыць, што за сексуальныя злоўжыванні католікі павінны ўзяць на сябе адказнасць як паасобку, так і супольнасна.

«Перад тварам гэтага злачынства мы не можам заставацца абыякавымі. Прыняць гэта азначае прайсці праз крызіс», — адзначыў пастыр паўсюднага Касцёла.

Ён нагадаў, што католікі ў мінулым неаднаразова казалі mea culpa («мая віна»), нават калі асабіста не ўдзельнічалі ў нейкім гістарычным этапе. Але вырашэнне крызісу не можа абмяжоўвацца словамі — патрэбна рэформа.

«Мы павінны ісці шляхам Духа Святога, і зыходным пунктам з’яўляецца сціплае прызнанне: мы зрабілі памылкі, зграшылі. Нас не ўратуе ні расследванне, ні ўлада інстытутаў. Нас не ўратуе прэстыж нашага Касцёла, які, як правіла, хавае свае грахі. Не ўратуе нас і магутнасць грошай, як і меркаванне СМІ (мы часта ад іх занадта залежым).

Тое, што нас уратуе, — гэта адчыненыя дзверы для Таго адзінага, хто можа нас збавіць, і прызнанне ў сваёй галечы <…>. Тады мы адчуем той здаровы сорам, які адчыняе дзверы для спагады і пяшчоты Пана, які заўсёды побач з намі», — напісаў Святы Айцец.

Ён загадаў кардыналу Марксу працягваць служыць Касцёлу ў якасці арцыбіскупа Мюнхенска-Фрайзінгскага. «І калі ты маеш спакусу падумаць, што Біскуп Рыма (твой брат, які цябе любіць), пацвярджаючы тваю місію і не прымаючы тваёй адстаўкі, не разумее цябе, то падумай, што пачуў Пётр перад абліччам Пана, калі прапанаваў Яму сваё адрачэнне: „Адыдзі ад мяне, Пане, бо я чалавек грэшны“, — і адказ быў: „Пасі ягнят Маіх“, — напісаў Папа Францішак, завяршаючы свой ліст.

Абноўлена 10.06.2021 17:08
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця