Пошук

28.05.2021 09:13   Паводле: Аляксандр Панчанка / Vatican News / Відэа: Vatican News
Фота: Reuters

Святы Айцец сустрэўся з Лідзіяй Максімовіч, якая ў маленстве перажыла жахі канцэнтрацыйнага лагера Аўшвіц-Біркенаў, створанага нацыстамі ў польскім Асвенцыме, і эксперыменты сумнавядомага Ёзэфа Менгеля.

Як перадае Беларуская рэдакцыя парталу Vatican News, кароткая сустрэча Папы з былой зняволенай адбылася 26 мая на заканчэнне агульнай аўдыенцыі ў Ватыкане.

«Калі Папа падышоў да мяне, я закасала рукаў і паказала яму лагерны нумар. На імгненне ён спыніўся, узяў маю руку і пацалаваў гэты нумар», — распавяла 77-гадовая полька беларускага паходжання ў інтэрв’ю Vatican News.

Фота: Alessia Giuliani / CPP / IPA / Press Association / East News

У якасці падарунка Лідзія Максімовіч уручыла Папу Францішку бела-блакітную хустку з лацінскай літарай Р у чырвоным трохкутніку, якія польскія вязні Аўшвіц-Біркенаў мусілі насіць у лагеры, а тыя, хто выжыў, цяпер апранаюць падчас памятных мерапрыемстваў, карціну з выявай маці і дзяўчынкі, што трымаюцца за рукі на фоне лагера смерці, а таксама ружанец з выявай святога Яна Паўла ІІ, які спецыяльна для Папы благаславіў яе хросны сын, каталіцкі святар.

Лідзія Максімовіч (пры нараджэнні Людміла Бачарова) нарадзілася ў вёсцы Прыбыткі на Полаччыне. Калі тэрыторыя Беларусі была акупавана нацыстамі, а бацька пайшоў на фронт, сям’я дзяўчынкі хавалася ў лесе, але была схоплена немцамі і адпраўлена ў турму ў Віцебску, а адтуль у канцэнтрацыйны лагер Аўшвіц-Біркенаў.

Трохгадовая зняволеная атрымала парадкавы нумар 70072, які быў вытатуіраваны на яе руцэ, а падчас «селекцыі» была прызнана «прыдатнай» для эксперыментаў доктара Ёзэфа Менгеля, вядомага як «анёл смерці».

У прыватнасці, на ёй выпрабоўваліся прышчэпкі ад вірусаў, прызначаныя для нямецкіх вайскоўцаў.

Пасля вызвалення лагера ў 1945 г. дзяўчынку прытуліла ў сябе польская сужэнская пара. Лічалася, што яе маці загінула. Праз 17 гадоў, аднак, Лідзія даведалася праз Чырвоны крыж, што яе маці і бацька жывыя і ўвесь час шукалі яе. У 1962 г. яны сустрэліся, але дзяўчына вырашыла застацца з прыёмнай сям’ёй у Кракаве.

У Італію з Польшчы Лідзія Максімовіч прыбыла па запрашэнні турынскай асацыяцыі La Memoria Viva, каб падзяліцца з моладдзю сваім сведчаннем, якое знайшло адлюстраванне ў дакументальным фільме італьянскага рэжысёра Эльзо Мэрло «70072 Дзяўчынка, якая не ўмела ненавідзець» (70072 La bambina che non sapeva odiare).

Абноўлена 28.05.2021 09:41
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа