Пошук

28.04.2021 16:59   Кс. Аляксандр Амяльчэня / Vatican News
Ілюстрацыйнае фота: Сяржук Серабро / vitebsk.cc

Кардынал Марк Уэле, Прэфект ватыканскай Кангрэгацыі па справах біскупаў, якая прапануе Пантыфіку кандыдатаў на вакантныя пасады дыяцэзіяльных і дапаможных пастыраў, назваў крытэрыі пошуку такіх асоб.

З выказваннямі на актуальную тэму ўплывовага ватыканскага іерарха знаёміць у апублікаваным 28 красавіка матэрыяле ксёндз Аляксандр Амяльчэня, дырэктар Беларускай рэдакцыі парталу Vatican News.

«Мы не шукаем ідэальных і бездакорных біскупаў, якіх можна было б паставіць на п’едэстал і імі захапляцца. Мы шукаем людзей з чалавечымі і духоўнымі якасцямі, першай з якіх з’яўляецца разважлівасць», — прызнаўся кардынал Марк Уэле.

Ён патлумачыў, што разважлівасць азначае не стрыманасць і сарамлівасць, але, хутчэй, правільны баланс паміж дзеяннем і роздумам пры прыняцці на сябе адказнасці. «Касцёлу патрэбныя не кар’ерысты, адзіная мэта якіх падняцца па сацыяльнай лесвіцы і заняць першыя месцы, але людзі, якія шчыра хочуць служыць сваім сёстрам і братам, паказваючы ім шлях веры і навяртання», — заўважыў ватыканскі іерарх у інтэрв’ю Vatican News.

«Вельмі важнай часткай нашай працы з’яўляецца кантакт з епіскапатамі і Апостальскімі нунцыямі ў розных краінах, стварэнне еднасці паміж біскупамі і Святым Айцом. Аднак вялікая частка нашай дзейнасці — збор інфармацыі пра кандыдатаў — гэта праца вельмі далікатная, якая патрабуе вялікай разважлівасці. Мы клапоцімся пра ананімнасць людзей, з якімі раімся. Гэта звязана з павагай да асоб, што разглядаюцца ў якасці кандыдатаў, і нашым клопатам пра тое, каб прапанаваць Пантыфіку сапраўды добрых пастыраў.

Яны павінны характарызавацца глыбокай верай, здольнасцю будаваць адносіны і адкрытасцю для Паўсюднага Касцёла, а таксама глыбокай павагай да Божага народа. Мы шукаем людзей, здольных дзейнічаць цалкам у духу ахвярнасці і любові да людзей», — падкрэсліў кардынал Уэле.

Канадскі іерарх прызнаў, што, хоць асноўныя якасці, неабходныя для таго, каб стаць біскупам, на працягу стагоддзяў заставаліся нязменнымі, кожны наступны пантыфікат характарызуецца асаблівай «адчувальнасцю» да пэўных пытанняў.

«Кожны Папа атрымлівае ад Духа Святога асаблівае бачанне бягучых праблем і выклікаў, якія стаяць перад Касцёлам, таму выбірае супрацоўнікаў, здольных лепш служыць Божаму народу ў гэты канкрэтны момант», — адзначыў прэфект Кангрэгацыі па справах біскупаў.

Ад рэдакцыі Catholic.by: З 3 студзеня 2021 года ў Беларусі вакантнай з’яўляецца катэдра Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі, пастырскае кіраванне якой часова здзяйсняе Апостальскі Адміністратар sede vacante біскуп Казімір Велікаселец.

Абноўлена 28.04.2021 23:52
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа