Пошук

12.04.2021 14:46   Vatican News
Фота: Siciliani-Gennari / SIR

11 красавіка, у нядзелю Божай Міласэрнасці, Папа Францішак узначаліў цэлебрацыю святой Імшы ў рымскім касцёле Санто-Спірыто-ін-Сасія.

«Папросім ласкі стаць сведкамі міласэрнасці», — заахвоціў Пантыфік удзельнікаў Эўхарыстыі. Каметуючы евангельскі ўрывак пра аб’яўленне Езуса вучням, у тым ліку Тамашу, Святы Айцец падкрэсліў, што апосталы спазналі міласэрнасць дзякуючы супакою, Духу Святому і ранам Хрыста.

Па словах Пантыфіка, якія прыводзіць беларуская рэдакцыя парталу Vatican News, дар супакою вядзе вучняў ад пакаяння да місіі.

Так адбываецца і сёння, бо для Бога ніхто не дрэнны, ніхто не бескарысны, ніхто не выключаны.

Езус адорвае вучняў, якія адчувалі сваю віну, міласэрнасцю, даючы ім Духа Святога для адпушчэння грахоў.

«Толькі Бог выдаляе грэх, толькі Ён сваёй міласэрнасцю выводзіць нас з глыбокіх няшчасцяў. Як і вучні, мы павінны дазволіць, каб нам даравалі. Прабачэнне ў Духу Святым — гэта дар Вялікадня для духоўнага ўваскрашэння. Папросім ласкі прыняць яго, прыняць сакрамэнт прабачэння», — сказаў Папа Францішак.

Пантыфік дадаў, што споведзь — гэта сакрамэнт «уваскрасення, гэта міласэрнасць у чыстым выглядзе». «Тыя, хто прымае споведзь, павінны дазволіць тым, хто каецца, адчуць слодыч міласэрнасці», — адзначыў Святы Айцец.

Папа Францішак таксама звярнуў увагу на важнасць трэцяга дару — ранаў Езуса: «Яго светлыя раны пранізваюць цемру, якую мы носім у сабе. І, як Тамаш, мы знаходзім Бога, адкрываем, што Ён побач з намі, і з пачуццём кажам: „Пан мой і Бог мой!“ Усё пачынаецца з ласкі спазнання міласэрнасці. <…> Толькі прыняўшы Божую міласэрнасць, мы можам даць свету нешта новае».

«Дотык да ранаў Пана перамяніў вучняў: яны больш не баяліся дакранацца да ран патрабуючых, бо ўжо бачылі ў іх Езуса»,— дадаў Пантыфік.

Святы Айцец заклікаў да паслядоўнага жыцця ў веры: «Мы спазналі міласэрнасць, а таму павінны быць міласэрнымі. Калі любоў завершыцца на нас саміх, то вера засохне ў бясплённым унутраным перажыванні. Без бліжніх яна становіцца бесцялеснай. Без учынкаў міласэрнасці — памірае.

Дазволім, каб супакой, прабачэнне і раны міласэрнага Езуса ажывілі нас. Папросім таксама ласкі стаць сведкамі міласэрнасці. Толькі так вера будзе жывой, а жыццё паслядоўным. Толькі так мы будзем абвяшчаць Божае Евангелле, якое з’яўляецца Евангеллем міласэрнасці».

Абноўлена 12.04.2021 14:50
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.