4 красавіка Папа Францішак звярнуўся да паўсюднага Касцёла з традыцыйным велікодным пасланнем Urbi et Orbi — «Гораду і свету».
Як адзначыў у пасланні Святы Айцец, тэкст якога публікуе беларуская рэдакцыя парталу Vatican News, перад абліччам складанай рэчаіснасці пандэміі, грамадскага і эканамічнага крызісу і ўзброеных канфліктаў, «велікоднае пасланне ў некалькіх словах апісвае здарэнне, якое дорыць надзею, якая не расчаруе: „Езус, укрыжаваны, уваскрос“».
Сведкі Хрыстова ўваскрасення, як дадаў Пантыфік, указвалі на важную дэталь: «Уваскрослы Езус мае на руках, нагах і ў баку сляды ран. Гэтыя раны з’яўляюцца вечнай пячаткай Яго любові да нас. Кожны, хто пакутуе падчас цяжкога выпрабавання, цялеснага ці духоўнага, можа схавацца ў гэтых ранах, атрымаць праз іх ласку надзеі, якая не расчаруе».
У сваім штогадовым велікодным пасланні Папа нагадвае, што Уваскрослы Хрыстус — гэта надзея для ўсіх, хто пакутуе ад пандэміі або перажывае страту блізкага чалавека; суцяшэнне для тых, хто не мае працы або перажывае эканамічны крызіс, хто пазбаўлены належнай сацыяльнай абароны.
«Няхай Пан натхніць дзяржаўныя ўлады на аказанне неабходнай дапамогі і належнай падтрымкі ўсім, асабліва сем’ям у нястачы. Пандэмія, на жаль, стала прычынай драматычнага росту колькасці бедных і роспачы тысяч людзей»,— дадаў Пантыфік.
Святы Айцец у пасланні Urbi et orbi запэўніў у малітоўнай падтрымцы жыхароў Гаіці, М’янмы, Сірыі, Ірака і Ерузалема, афрыканскія народы, а таксама мігрантаў і бежанцаў, якія вымушаны ўцякаць ад вайны і беднасці.
«Распазнаем у іх абліччах знявечанае і спакутаванае аблічча Пана, які ўздымаецца на Кальварыю. Няхай яны не маюць недахопу ў канкрэтных знаках салідарнасці і чалавечага братэрства, сведчання перамогі жыцця над смерцю, якую святкуем у гэты дзень», — дадаў Папа Францішак.
«У свеце яшчэ занадта шмат войнаў і насілля! Няхай Пан дапаможа нам перамагчы ваенны менталітэт.Няхай дазволіць палонным канфліктаў, асабліва ва Усходняй Украіне і Нагорным Карабаху, вярнуцца жывымі і здаровымі ў свае сем’і; няхай натхніць кіраўнікоў дзяржаў усяго свету спыніць гонку ўзбраенняў, — прагучала ў папскім пасланні. — Наколькі лепшым быў бы свет без гэтых прыладаў смерці!»
Пантыфік нагадаў, што сёлета мноства хрысціянаў святкавалі Пасху з моцнымі абмежаваннямі, часта без магчымасці ўдзельнічаць у літургічных цэлебрацыях.
«Будзем маліцца, каб гэтыя абмежаванні, як і кожнае абмежаванне свабоды культу і рэлігіі ў свеце, маглі быць зняты і каб кожны мог свабодна маліцца і праслаўляць Бога.
Сярод шматлікіх цяжкасцяў, якія мы перажываем, ніколі не будзем забываць, што мы былі аздароўлены ранамі Хрыста.
Нашы пакуты перамяняюцца святлом Уваскрослага. Там, дзе была смерць, цяпер жыццё, там, дзе быў смутак, цяпер суцяшэнне.
Прыняўшы крыж, Езус напоўніў сэнсам нашы пакуты. Таму памолімся, каб жыватворны плён гэтага аздараўлення распаўсюдзіўся па ўсім свеце», — завяршыў святочнае пасланне Святы Айцец, пасля чаго ўдзяліў спалучанае з магчымасцю атрымаць поўны адпуст пасхальнае благаслаўленне.