Пошук

02.04.2021 10:45   Паводле: Vatican News / Catholic.by
CNS photo/Andrew Medichini, Reuters pool

1 красавіка Папа Францішак узначаліў цэлебрацыю святой Імшы Хрызма на Алтары катэдры ватыканскай базылікі святога Пятра.

Падчас Эўхарыстыі духавенства аднавіла свае святарскія абяцанні, а Папа благаславіў алеі хворых, катэхумэнаў і хрызма, якія выкарыстоўваюцца на працягу ўсяго года пры ўдзяленні сакрамэнтаў хросту, пасвячэння і хворых.

Святы Айцец, словы якога прыводзіць беларуская рэдакцыя парталу Vatican News, падкрэсліў, што прапаведаванне Добрай Навіны таямніча звязана з пераследам і крыжам. Але крыж не з’яўляецца выпадковай акалічнасцю, якая ўзнікае ў жыцці Хрыста ў выніку супадзення.

«У крыжы няма двухсэнсоўнасці! Аб крыжы нельга дамовіцца», — заўважыў Пантыфік.

На крыжы, як дадаў Папа, можна адчуць укус змея, які, карыстаючыся бездапаможнасцю ўкрыжаванага, спрабуе атруціць і дыскрэдытаваць усю яго працу.

Але ў гэтым укусе, па словах Пантыфіка, праяўляецца таксама Божы трыумф: «У прапаведаванні Евангелля ёсць крыж, гэта праўда. Але гэта крыж, які збаўляе. Прапітаны крывёю Езуса, гэта крыж, які мае моц перамогі Хрыста, які перамагае зло і вызваляе нас ад злога».

Святы Айцец заклікаў святароў перад тым, як ісці прапаведаваць, прыняць крыж з Укрыжаваным, каб быць у стане «распазнаць і адкінуць спакусу, якою д’ябал паспрабуе нас атруціць, калі раптам у нашым жыцці з’явіцца крыж».

«Абвяшчэнне Евангелля вынікае не з нашых красамоўных слоў, а з сілы крыжа»,— падкрэсліў Папа Францішак і нагадаў святарам, што «пакуты, якія нам прыносіць Евангелле, не з'яўляюцца нашымі ўласнымі пакутамі, але “цярпеннямі Хрыстовымі ў нас”, бо “мы не сябе абвяшчаем, але Езуса Хрыста”, з’яўляючыся “слугамі дзеля Езуса”».

На заканчэнне, спасылаючыся на свой жыццёвы досвед, Папа Францішак адзначыў, што «Пан заўсёды дае нам тое, аб чым просім, але па-Божаму — і гэты шлях звязаны з крыжам».

Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа