15 сакавіка выходзіць у свет новая кніга-інтэрв’ю з Папам Францішкам пад назвай «Бог і будучы свет».
Як паведамляе польская рэдакцыя парталу Vatican News, гэта запіс размоў, якія журналіст італьянскай штодзённай газеты La Stampa Дамэніко Агаса вёў са Святым Айцом. Пантыфік дзеліцца з ім сваім духоўным бачаннем праблем сучаснага свету.
Папа, між іншым, нагадвае, што немагчыма працягваць вырабляць зброю замест ратавання чалавечых жыццяў.
Адказваючы на пытанне аб адносінах да цяперашняга «землятрусу» ў выглядзе пандэміі, Папа адказаў, што ў жыцці бываюць моманты цемры. Занадта часта мы думаем, што яны могуць адбыцца не з намі, а з кімсьці іншым, у іншай краіне, магчыма, на далёкім кантыненце. Цяпер мы ўсе ў тунэлі пандэміі. Боль і змрок увайшлі праз дзверы нашых дамоў, уварваліся ў нашы думкі, атакавалі нашы мары і планы. Свет ніколі не будзе ранейшым. Але менавіта ў гэтым няшчасці мы павінны убачыць тое, што можа стаць краевугольным камянем для адбудовы. Таму гэты час выпрабаванняў можа стаць часам разумнага і дальнабачнага выбару на карысць чалавецтва.
Адказваючы на пытанне аб найбольш актуальных праблемах, якія трэба вырашыць у сувязі з пандэміяй, Папа Францішак адзначыў, што няроўнасць і беспарадак у навакольным асяроддзі нельга прымаць абыякава. Выратаваць чалавецтва можна шляхам пераасэнсавання новай мадэлі развіцця, якая прызнае бясспрэчным суіснаванне людзей у гармоніі са стварэннем, усведамляючы, што кожнае асобнае дзеянне не з’яўляецца адзінкавым у добрым ці дрэнным сэнсе, але мае наступствы для іншых, таму што ўсё звязана. Змяніўшы лад жыцця, які прымушае мільёны людзей, асабліва дзяцей, галадаць, мы зможам быць больш умеркаванымі, што дазволіць справядліва размяркоўваць рэсурсы.
У размове Святы Айцец заявіў, што ён поўны надзеі на нізавыя ініцыятывы і дзейнасць народных рухаў, розных асацыяцый і няўрадавых арганізацый, якія прадстаўляюць новы погляд на наш «Агульны дом» не як на нейкі «склад рэсурсаў», якія трэба выкарыстоўваць, але як на святы сад, які трэба любіць і паважаць, разважліва сябе паводзячы. Да гэтага дадаецца свядомасць моладзі, асабліва ў экалагічных рухах.
Калі мы, «закасаўшы рукавы», неадкладна не паклапацімся пра Зямлю сваім радыкальным асабістым і палітычным выбарам, «зялёным» эканамічным паваротам і скіраваннем тэхналагічнага развіцця ў гэты бок, рана ці позна наш «Агульны дом» выкіне нас праз акно.
Мы больш не можам губляць часу.
Папа лічыць, што можна будзе вылечыць свет фінансаў і яго сувязі з дзяржаўным кіраваннем ад засілля спекулятыўнай ментальнасці і аднавіць яго «душу» паводле крытэрыяў справядлівасці. Тады можна будзе скараціць разрыў паміж тымі, хто мае доступ да крэдыту, і тымі, хто не мае. І калі ў адзін цудоўны дзень для кожнага суб’екта гаспадарання будуць створаны ўмовы для інвестыцый у адпаведнасці з прынцыпамі этыкі і адказнасці, мы атрымаем эфект скарачэння падтрымкі прадпрыемстваў, шкодных для навакольнага асяроддзя і міру.
У цяперашнім стане, у якім знаходзіцца чалавецтва, становіцца ганебным працягваць фінансаваць галіну, якая не спрыяе далучэнню адкінутых і развіццю апошніх, а таксама шкодзіць агульнаму дабру, забруджваючы навакольнае асяроддзе. Гэта чатыры крытэрыі выбару прадпрыемстваў, якія мы хочам падтрымліваць: інтэграцыя адкінутых, развіццё апошніх, агульнае дабро і клопат пра Стварэнне.
Паводле Папы Францішка, надышоў час ліквідаваць сацыяльную несправядлівасць і маргіналізацыю. Калі мы скарыстаем гэты працэс як магчымасць, мы можам падрыхтавацца да заўтрашняга дня пад сцягам чалавечага братэрства, якому няма альтэрнатывы, бо без цэласнага бачання не будзе будучыні ні для каго. Выкарыстоўваючы гэты ўрок на практыцы, лідары дзяржаў разам з тымі, хто нясе сацыяльную адказнасць, могуць весці народы зямлі да больш заможнай і братэрскай будучыні. Кіраўнікі дзяржаў маглі б размаўляць паміж сабой, больш дыскутаваць і ўзгадняць стратэгіі. Памятайма, што ёсць нешта горшае, чым гэты крызіс: небяспека яго змарнаваць. З крызісу немагчыма выйсці такімі самымі: мы выйдзем з яго альбо лепшымі, альбо горшымі.
Пастыр паўсюднага Касцёла падкрэсліў, што ўжо больш немагчыма цярпець той факт, што мы працягваем вырабляць і гандляваць зброяй, марнуючы велізарныя сродкі, якія трэба выдаткоўваць на лячэнне людзей, на ратаванне жыццяў.
Больш нельга рабіць выгляд, што паміж узброеным гвалтам, беднасцю і бессэнсоўнай і абыякавай эксплуатацыяй навакольнага асяроддзя не існуе заганнага кола. Гэта кола, якое робіць немагчымым прымірэнне, падаграе парушэнні правоў чалавека і перашкаджае ўстойліваму развіццю. Каб супрацьстаяць гэтаму планетарнаму дысанансу, які ў зародку душыць будучыню чалавецтва, неабходныя палітычныя дзеянні, заснаваныя на міжнароднай гармоніі. З’днаныя ў братэрстве чалавечыя істоты здольныя супрацьстаяць агульным пагрозам, не абвінавачваючы адзін аднаго, не інструменталізуючы праблем, не паддаючыся недальнабачнаму нацыяналізму, прапагандзе закрыцця, ізаляцыянізму і іншым формам палітычнага эгаізму.
Папа таксама звярнуў увагу на становішча жанчын у сучасным свеце. Ён падкрэсліў, што жанчынам патрэбна неадкладная дапамога ў выхаванні дзяцей і што яны не павінны цярпець ад дыскрымінацыі ў аплаце працы або заставацца без працы з-за свайго полу. Усё часцей іх прысутнасць высока цэніцца ў працэсе сацыяльнага, палітычнага, прафесійнага і інстытуцыйнага аднаўлення. Калі мы зможам забяспечыць ім належныя ўмовы, яны змогуць зрабіць важны ўнёсак у аднаўленне эканомікі і грамадства будучыні, бо жанчыны робяць свет прыгажэйшым і больш сяброўскім. Акрамя таго, спрабуючы стаць на ногі, мы не можам забывацца пра той факт, што адраджэнне чалавецтва пачалося з жанчыны.
Збаўленне нарадзілася з Дзевы Марыі, таму няма збаўлення без Жанчыны.
Калі нас сапраўды турбуе наша будучыня, калі мы хочам квітнеючага заўтра, неабходна даць жанчыне патрэбную прастору.
У час пандэміі каранавірусу Святы Айцец рэкамендаваў бацькам не забывацца гуляць са сваімі дзецьмі. Яны вельмі чакаюць гэтых сумесных момантаў забавы. Гэта першыя «пасевы адукацыі». Гуляючы з бацькам і маці, дзіця вучыцца мець адносіны з людзьмі, даведваецца пра існаванне правілаў і неабходнасць іх паважаць, набывае ўпэўненасць у сабе, якая дапаможа яму, калі яно пойдзе ў свет. У той жа час дзеці дапамагаюць бацькам двума асноўнымі спосабамі: надаваць большае значэнне часу жыцця і захоўваць пакору. Для іх яны ў першую чаргу бацька і маці, астатняе прыходзіць пазней: праца, падарожжы, поспехі і клопаты. І гэта абараняе іх ад спакусы нарцысізму і празмернага эга.
Маладых людзей Папа Францішак заклікаў не паддавацца эканамічнаму спаду, працягваць марыць пра вялікія рэчы і абараняць іх ад тых, хто хоча іх знішчыць: песімістаў, несумленных людзей і спекулянтаў. Зразумела, што, магчыма, яшчэ ніколі, як у трэцім тысячагоддзі, новыя пакаленні не плацілі настолькі высокую цану за эканамічны, прафесійны, медыцынскі і маральны крызіс. Але шкадаванне сябе нікуды не вядзе, і крызіс ад гэтага толькі пагоршыцца. Замест гэтага, працягваючы барацьбу, што многія ўжо робяць, маладыя людзі не застануцца недасведчанымі і нясталымі. Яны не перастануць шукаць магчымасці. А потым прыходзяць веды.
Бог не адправіў чалавека на пенсію, у адпачынак ці на канапу, але паслаў яго вучыцца і працаваць.
Святы Айцец звярнуў увагу на тое, што моладзь мае свежыя сілы для таго, каб аднавіць асноўныя задачы, пастаўленыя Богам, і такім чынам стаць мужчынамі і жанчынамі ведаў, любові і міласэрнасці. Адкрыўшыся для сустрэчы і здзіўлення, яны змогуць атрымліваць асалоду ад прыгажосці і дароў жыцця і прыроды, пачуццяў і любові ў розных яе формах. Заўсёды рухаючыся наперад, каб вучыцца на кожным вопыце, распаўсюджваць веды і ўмацоўваць надзею маладосці, яны возьмуць у свае рукі стырно жыцця і адначасова прыўнясуць жыццёвыя сілы, якія будуць развіваць чалавецтва, робячы яго свабодным. Таму, нават калі ноч здаецца бясконцай, мы не павінны падаць духам.