5 сакавіка каля 14.00 па мясцовым часе самалёт Airbus A330 італьянскай авіякампаніі Alitalia з Пантыфікам на борце прызямліўся ў міжнародным аэрапорце Багдада.
Як паведамляе беларуская рэдакцыя парталу Vatican News, Папу Францішка сустракала ўрадавая дэлегацыя пад кіраўніцтвам прэм’ер-міністра Ірака Мустафы Абдэль Латыфа Мушэта. Па традыцыі ля трапу самалёта Пантыфіку ўручылі кветкі дзеці ў народных строях.
У аэрапорце Святога Айца віталі спевамі, музыкай і танцамі; сотні людзей размахвалі ватыканскімі і іракскімі сцягамі.
Пасля прыватнай размовы з кіраўніком ураду Святы Айцец на аўтамабілі скіраваўся ў прэзідэнцкі палац, дзе адбылася афіцыйная цырымонія прывітання. Уздоўж маршрута картэжу высокага госця віталі тысячы іракцаў.