Пошук

05.03.2021 11:20   Паводле: Vatican News / Пераклад і адаптацыя: Мікола Гракаў / Catholic.by
Фота: AFP via Getty Images

5 сакавіка ў 7.45 па Сярэднееўрапейскім часе Папа Францішак вылецеў з рымскага аэрапорта Ф’юмічына ў Багдад, распачаўшы сваё 33-е апостальскае падарожжа, якое працягнецца да 8 сакавіка.

Святы Айцец правядзе ў паветры чатыры з паловай гадзіны на борце самалёта Airbus A330 італьянскай авіякампаніі Alitalia, перш чым ступіць на іракскую зямлю.

Як адзначае італьянская рэдакцыя парталу Vatican News, Папа Францішак — першы Пантыфік, які наведае з апостальскім візітам Ірак — калыску цывілізацыі паміж рэкамі Тыграм і Эўфратам, несучы святло Евангелля і слова сапраўднай любові на зямлю, дзе яшчэ шалеюць віхуры вайны.

Гэты візіт Святога Айца ў краіну Персідскага заліву з пераважна мусульманскім насельніцтвам праходзіць пад евангельскім дэвізам: «Вы ўсе браты».

Напярэдадні візіту Папа Францішак скіраваў да народа Ірака адмысловы відэазварот, у якім назваў сябе пілігрымам пакаяння, міру і надзеі, заклікаўшы да братэрства ўсіх духоўных нашчадкаў Абрагама.

Як перадала прэс-служба Святога Пасаду, на выхадзе з Дома святой Марты Папа Францішак затрымаўся на некалькі хвілін з групай іракскіх бежанцаў, якія ў мінулыя гады дзякуючы дабрачынным арганізацыям Супольнасці святога Эгідыя і Auxilium знайшлі прытулак у Італіі. Яны прыйшлі праводзіць Святога Айца ў падарожжа на іх радзіму ў суправаджэнні Папскага элемазінарыя кардынала Конрада Краеўскага, адказнага за дабрачыннасць і духоўныя даброты Касцёла.

У аэрапорце Папа развітаўся з прысутнымі прадстаўнікамі духавенства і ўлады, пасля чаго, з чорным партфелем у левай руцэ і маскай на твары, падняўся па трапе ў самалёт.

На борце лайнера па просьбе Пантыфіка быў змешчаны абраз Маці Божай Ларэтанскай, якая сто гадоў таму была абвешчана Апякункай усіх, хто падарожнічае ў паветры.

Цяпер таксама адзначаецца Ларэтанскі юбілей, які Святы Айцец працягнуў да 10 снежня.

Ужо сёння, адразу пасля прыбыцця, Папу Францішка чакаюць першыя сустрэчы на іракскай зямлі. Першая з іх — з прэм’ер-міністрам Ірака Мустафой Абдэль Латыфам Мушэтам, які сустрнэне высокага госця ў аэрапорце. Пасля гэтага прадугледжана афіцыйная црымонія сустрэчы і прыёму, а таксама візіт ветлівасці да прэзідэнта краіны. У прэзідэнцкім палацы Папа выступіць з першай афіцыйнай прамовай на іракскай зямлі, у якой звернецца да ўладаў краіны, грамадзянскай супольнасці і дыпламатычнага корпусу.

Пасля гэтага Святы Айцец на машыне скіруецца ў багдадскую сіра-каталіцкую катэдру Маці Божай Збаўлення, дзе сустрэнецца з біскупамі, святарамі, манахамі, семінарыстамі і катэхетамі.

Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа