Пошук

04.03.2021 14:07   Паводле: Vatican News / Пераклад і адаптацыя: Мікола Гракаў / Catholic.by
Фота: Аgensir.it

Напярэдадні запланаванага на 5–8 сакавіка візіту ў Ірак, Папа Францішак скіраваў відэазварот да жыхароў краіны, у якім запэўніў іх, што з’яўляецца пілігрымам пакаяння, міру і надзеі, які імкнецца да братэрства.

Са зместам відэазвароту Пантыфіка знаёміць італьянская рэдакцыя парталу Vatican News.

Пілігрым пакаяння

«Ужо праз некалькі дзён я нарэшце буду сярод вас! Мне вельмі хочацца з вамі сустрэцца, убачыць вашыя твары і наведаць вашу зямлю, якая з’яўляецца старажытнай і незвычайнай калыскай цывілізацыі», — сказаў Святы Айцец.

Ён запэўніў, што едзе «як пілігрым пакаяння, каб маліць Бога аб прабачэнні і прымірэнні пасля доўгіх гадоў вайны і тэрарызму, каб прасіць Бога суцешыць сэрцы і загаіць раны».

Пілігрым міру

«Я таксама еду да вас як пілігрым міру, каб паўтарыць: „Усе вы — браты“.

Так, я еду як пілігрым міру, імкнучыся да братэрства, поўны жадання супольнай малітвы і супольнага падарожжа, таксама з братамі і сёстрамі іншых рэлігійных традыцый, у духу айца Абрагама, які аб’ядноўвае мусульманаў, юдэяў і хрысціянаў у адну сям’ю», — зазначыў пастыр паўсюднага Касцёла.

Касцёл мучанікаў

Звяртаючыся да хрысціянаў, якія далі «сведчанне веры ў Езуса сярод выключна цяжкіх выпрабаванняў», Папа прызнаўся, што не можа дачакацца моманту, калі іх убачыць, і што лічыць гонарам для сябе «сустрэцца з Касцёлам мучанікаў».

«Няхай жа вялікая, надзвычай вялікая колькасць мучанікаў, якіх вы ведаеце, дапаможа нам вытрываць у пакорнай моцы любові. У вас перад вачыма дагэтуль стаяць карціны знішчаных дамоў і апаганеных касцёлаў, а ў вашых сэрцах — раны ад расстання з любымі людзьмі і пакінутымі дамамі. Я хачу прынесці вам выразы любові ўсяго Касцёла, які побач з вамі і з пакутным Блізкім Усходам, які заахвочвае вас ісці наперад», — падкрэсліў Святы Айцец.

Ён заклікаў іракцаў не дазволіць перамагчы страшэнням пакутам, якія ім давялося перажыць.

«Не адступім перад наступам зла: старажытныя крыніцы мудрасці вашых земляў вядуць нас у іншы свет, каб мы паступалі так, як Абрагам, які, жадаючы пакінуць усё, ніколі не страціў надзеі, і, давяраючы Богу, нарадзіў патомства такое шматлікае, як зоркі на небе», — нагадаў Пантыфік.

Ён дадаў, што ў гэтыя гады шмат думаў пра іракскіх хрысціянаў, якія так шмат выцерпелі, але не далі сябе зламіць.

Пілігрым надзеі

«Цяпер я скіроўваюся на вашу благаслаўлёную і параненую зямлю як пілігрым надзеі. У вас, у Нініве, прагучала прароцтва Ёны, якое прадухіліла знішчэнне і прынесла новую надзею: надзею Бога. Дазволім сабе заразіцца гэтай надзеяй, якая заахвочвае нас да аднаўлення, да распачацця нанава.

У гэты цяжкі час пандэміі будзем жа дапамагаць адно аднаму, каб умацоўваць братэрства, каб разам будаваць мірную будучыню.

Ад вас тысячы гадоў таму Абрагам распачаў сваю пілігрымку. Сёння нашае заданне працягнуць яе, ідучы разам шляхам міру.

Таму я ў малітве прашу для вас усіх міру і благаслаўлення Найвышэйшага, запрашаючы ўсіх спадарожнічаць мне праз малітву», — сказаў на заканчэнне відэазвароту Папа Францішак.

Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця