10 снежня ва ўсім Касцёле ўпершыню адзначаўся ўведзены папам Францішкам успамін Маці Божай Ларэтанскай, а за два дні да гэтага ў санктуарыі ў Ларэта кардынал П’етро Паралін урачыста распачаў юбілейны год, прысвечаны 100-годдзю з дня абвяшчэння Маці Божай Ларэтанскай Апякункаю авіятараў і тых, хто ляціць самалётамі.
Як паведаміла італьянская рэдакцыя парталу Vatican News, узначаліўшы ўрачыстасці ў адным з самых вядомых Марыйных санктуарыяў у свеце, Дзяржаўны сакратар Яго Святасці папы Францішка засяродзіў увагу на вельмі шчыльнай сувязі, што існуе паміж Беззаганным Зачаццем і Ларэтанскім санктуарыем. У ім захоўваюцца камяні дамка Марыі з Назарэта, у якім Багародзіца пачула з вуснаў Анёла словы Звеставання.
У цэнтры гаміліі, якую прамовіў кардынал Паралін на святой Імшы з нагоды адкрыцця юбілейных дзвярэй ларэтанскай базылікі, была святасць як «вышэйшае вымярэнне» хрысціянскага жыцця, пра што казаў святы Ян Павел ІІ на парозе трэцяга тысячагоддзя хрысцінства.
Кардынал Паралін адзначыў, што асноўнай тэмай Ларэтанскага юбілею з’яўляецца «святасць для ўсіх».
Праводзячы паралель з абвяшчэннем Маці Божай Ларэтанскай Апякункай авіятараў і ўсіх, хто падарожнічае ў паветры, найбліжэйшы супрацоўнік папы Францішка падкрэсліў, што «быць святымі азначае „ляцець высока над зямлёю“, дазволіць Езусу і Багародзіцы ўзняць сябе ўвышыню».
Усе вернікі, якія на працягу юбілейнага года наведаюць санктуарый Святога дамка Марыі ў Ларэта, могуць атрымаць поўны адпуст пры захаванні звычайных умоваў. Такі ж адпуст да наступнага ўспаміну Маці Божай Ларэтанскай 10 снежня 2020 года можна будзе атрымаць ва ўсіх капліцах у аэрапортах свету.