Пошук

26.02.2021 18:41   Паводле: vaticannews.va / Пераклад і адаптацыя: Валянціна Грамыка / Catholic.by

Photo by Michael Dwyer/AP Photo

Пастаянны назіральнік Святога Пасаду пры ААН арцыбіскуп Іван Юркавіч прыняў удзел у VI штогадовай сустрэчы па міжрэлігійным дыялогу, якая прайшла ў Жэневе на тэму «Роля веры ў часы каранавірусу».

Арцыбіскуп, словы якога прыводзіць руская рэдакцыя парталу Vaticannews.va, звярнуў увагу на «нябачныя ўнутраныя крызісы», справакаваныя ўведзенымі абмежаваннямі.

Як сцвердзіў іерарх, ахоўныя меры неабходныя, аднак «хатняя ізаляцыя, нашэнне масак, страта працы і няздольнасць фізічна ўзаемадзейнічаць з сям’ёй і сябрамі аказваюць і працягваюць аказваць глыбокі псіхалагічны, эмацыйны і духоўны ўплыў на кожнага з нас».

Чалавек — гэта сацыяльная істота, таму перш за ўсё, як дадаў прадстаўнік Святога Пасаду, Бог жадае для людзей зносінаў.

Пандэмія COVID-19, по словах арцыбіскупа, абвастрыла існуючую напружанасць і паставіла пад пагрозу адзінства паміж людзьмі, народамі, культурамі і нацыямі, узмоцніўшы няроўнасць.

Як сцвердзіў іерарх, стаў відавочным эгаістычны падыход дзяржаў, які супярэчыць адзінству: назапашванне вакцын, раўнівае імкненне да захавання патэнтавых правоў, закрыццё межаў, індывідуалізм у рэакцыях на ўсеагульны крызіс зусім не дапамагаюць чалавецтву перажыць пандэмію. Гэта наносіць «нашмат больш глыбокую рану, чым сам каранавірус»: чалавек пазбаўляецца таго, што па-сапраўднаму робіць нас людзьмі, — «здольнасці і жадання жыць у братэрскім адзінстве».

Святы Пасад занепакоены тым, што пандэмія можа прывесці да больш трагічных наступстваў, якія аслабяць чалавечае ўзаемадзеянне.  Таму, як дадаў арцыбіскуп Юркавіч, у межах Дэпартамента служэння інтэгральнаму развіццю чалавека была створана спецыяльная камісія для аказвання комплекснай дапамогі пацярпелым ад пандэміі.

Прадстаўнік Святога Пасаду, спасылаючыся на словы Папы Францішка, звярнуў увагу на «каштоўнасць і важнасць аховы духоўнага здароўя, заснаванага на братэрстве і надзеі, як найбольш эфектыўнага спосабу аздараўлення навакольнага свету».

Абноўлена 26.02.2021 20:31
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.