У свеце расце ўвага да благаслаўлёнага Карло Акуціса — заўчасна памерлага 15-гадовага праграміста і інтэрнэт-евангелізатара, беатыфікаванага 10 кастрычніка мінулага года ў Асізі.
Як паведамляе беларуская рэдакцыя парталу Vatican News, на актуальнасць сведчання благаслаўлёнага «энтузіяста інтэрнэту» звярнуў увагу прэфект Кангрэгацыі па справах кананізацыі кардынал Марчэло Сэмерара.
Нагодай стала прэзентацыя новай біяграфіі Карло Акуціса, якая выйшла ў Ватыканскім выдавецтве.
Кнігу «Ад інфарматыкі да неба. Карло Акуціс» (Dall’informatica al cielo. Carlo Acutis) напісаў Нікола Горы, пастулатар беатыфікацыйнага працэсу благаслаўлёнага падлетка.
Вокладка кнігі была падрыхтавана сумесна з лічбавай платформай VatiVision, якая займаецца распаўсюджваннем аўдыё- і відэаматэрыялаў на каталіцкую тэматыку. QR-код, змешчаны на ёй, адсылае на сайт, прысвечаны благаслаўлёнаму Карло Акуцісу. Тут таксама можна паглядзець фільм аб ім: «Мая аўтастрада на Неба».
Кардынал Сэмерара нагадаў, што новы благаслаўлёны меў здольнасці ў галіне інфарматыкі і выкарыстоўваў іх для распаўсюджвання Евангелля і пашырэння эўхарыстычнага культу. На яго прыклад шмат разоў звяртаў увагу Папа Францішак, калі размаўляў з моладдзю.
Прэфект заўважыў, што для кананізацыі благаслаўлёнага Карло Акуціса неабходны цуд, здзейснены праз яго заступніцтва.
Ужо паступіла некалькі паведамленняў з Лацінскай Амерыкі аб меркаваных цудах.
Аднак абмежаванні, звязаныя з пандэміяй, пакуль перашкаджаюць праверыць іх на месцы, што вельмі важна ў такіх пытаннях.
Падлетак быў праграмістам-самавукам, які захапляўся відэагульнямі, але гэта не перашкаджала яму быць пабожным, шчырым вернікам, які любіць Бога і дапамагае людзям. Калі яму было 11 гадоў, ён стварыў сайт-каталог, у якім сабраў інфармацыю пра эўхарыстычныя цуды.
Па словах маці Карло, ён быў звычайным падлеткам, любіў гуляць у футбол і камп’ютэрныя гульні, але заўсёды вельмі ўважлівым да іншых. Жанчына дадала, што з дзяцінства ён дапамагаў абяздоленым, займаўся дзецьмі з праблемных сем’яў, абараняў аднакласнікаў ад нападкаў іншых школьнікаў, аддаваў грошы жабракам.
Карло Акуціс памёр ад лейкеміі ў 2006 г. ва ўзросце 15 гадоў.
Ён ахвяраваў свае пакуты за Хрыста, за Папу Бэнэдыкта XVI і за Касцёл.