Пошук

24.02.2020 15:04   Падрыхтаваў: Мікола Гракаў / Catholic.by
Фота: carloacutis.com

21 лютага Папа Францішак падпісаў дэкрэты, якімі адкрыў шлях да беатыфікацыі трох Слугаў Божых, сярод якіх італьянскі падлетак і актыўны карыстальнік сеціва Карло Акуціс (1991–2006).

З асаблівай радасцю і біццём у званы вестку пра гэта сустрэлі ў Асізі, дзе пахаваны магчымы будучы апякун Інтэрнэту. Каталіцкае інфармацыйнае агенцтва КАІ паведаміла, што ў нядзелю арцыбіскуп Асізскі Дамэніко Сарэнціна наведаў месца пахавання падлетка ў касцёле Маці Божай Вялікай.

Там падчас малітвы апоўдні іерарх зазначыў, што Карло Акуціс — «вельмі актуальны прыклад імкнення да святасці ўжо ў вельмі маладым узросце».

Карло Акуціс нарадзіўся 3 мая 1991 года ў Лондане ў італьянскай сям’і. Неўзабаве пасля нараджэння сына бацькі вярнуліся на радзіму, у Мілан. Карло рос вельмі пабожным, штодзённа ўдзельнічаў у Імшы, маліўся на ружанцы і штотыдзень спавядаўся.

Прыняўшы ў сямігадовым узросце Першую святую Камунію, хлопчык моцна палюбіў Эўхарыстыю, якую называў «аўтастрадаю ў неба». У яго біяграфіі гаворыцца, што яе частае прыманне дапамагае станавіцца «ўсё больш падобным да Езуса». Жыццялюбны падлетак быў добра вядомы ў сваёй парафіі, дзе дапамагаў катэхетам і быў валанцёрам па дапамозе бяздомным.

Як у 1997 годзе cказала ў дадзеным CNA інтэрв’ю яго маці, «Езус быў цэнтрам яго дня». Гледзячы на яго, святары і законнікі казалі, што Пан Бог мае асаблівы план для яе сына.

«У сэрцы Карло насамрэч быў Езус, была сапраўдная чысціня… Калі вы сапраўды маеце чыстае сэрца, вы здольныя крануць сэрцы іншых», — адзначыла жанчына.

Выключна адораны ў сферы інфарматыкі і інтэрнэт-тэхналогій, ужо ў дзесяць гадоў ён пісаў алгарытмы і распрацоўваў сайты. У адзінаццацігадовым узросце Карло распачаў стварэнне ўэб-сайту, прысвечанага Эўхарыстычным цудам, якія адбываліся ў розных мясцінах свету. Гэтая праца працягвалася два з паловаю гады. У выніку падрыхтаваная ім прэзентацыя складаецца са 146 табліц. Пасля яго смерці сайт быў перакладзены на больш за дзесяць моваў (у тым ліку і на рускую) і прадстаўлены на ўсіх кантынентах як у лічбавым фармаце, так і ў форме кнігі.

Калі ў 2006 годзе Карло даведаўся, што хворы на невылечную форму лейкеміі, рэшту свайго жыцця і цярпенні ён без рэшты прысвяціў Святому Айцу і Касцёлу. Ён памёр 12 кастрычніка 2006 года ў 15-гадовым узросце, і, згодна з яго воляй, быў пахаваны ў Асізі, куды раней ездзіў з бацькамі на лецішча. Беатыфікацыйны працэс Карло Акуціса быў распачаты ў 2013 годзе, праз сем гадоў пасля яго смерці.

Калі жыццярыс маладога «кібер-апостала Эўхарыстыі» быў прадстаўлены на Сусветных днях моладзі ў Рыа-дэ-Жанэйра ў 2013 годзе, узнікла думка, што ў будучыні ён мог бы стаць «апекуном Інтэрнэту».

Прызнаны Касцёлам цуд праз заступніцтва Слугі Божага Карло Акуціса датычыцца аздараўлення бразільскага дзіцяці, якое пакутавала на прыроджаную паталогію падстраўнікавай залозы. Падпісаны Святым Айцом дэкрэт аб прызнанні цуду адкрывае шлях для далейшай беатыфікацыі — абвяшчэння Карло Акуціса благаслаўлёным.

Абноўлена 02.10.2020 13:10
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.