Пошук

12.02.2021 08:37   Паводле: Vatican News
Фота: Washington Post

Восем гадоў таму Бэнэдыкт XVI абвясціў аб сваім рашэнні скласці з сябе паўнамоцтвы Наступніка святога Пятра. Яно ўступіла ў сілу 28 лютага 2013 г. у 20.00 па Рымскім часе.

Як паведамляе беларуская рэдакцыя парталу Vatican News, у панядзелак 11 лютага 2013 г. Пантыфік сабраў кансісторый для разгляду кананізацыйных працэсаў. Усё адбывалася як звычайна. Але перад завяршэннем цырымоніі ён пачаў чытаць тэкст на лацінскай мове:

«Абдумаўшы гэта шмат разоў у сумленні перад Богам, я набыў упэўненасць, што па прычыне сталага ўзросту мае сілы не дастатковыя, каб належным чынам ажыццяўляць служэнне святога Пятра. <...> Таму, цалкам усведамляючы сур’ёзнасць гэтага акту, у поўнай свабодзе я заяўляю, што адмаўляюся ад служэння Рымскага Біскупа, Наступніка святога Пятра».

Пазней Бэнэдыкт XVI абверг чуткі, што ён склаў паўнамоцтвы ў выніку скандалаў, якія закранулі Касцёл. Па яго словах, ён «ніколі не пакінуў бы карабель падчас шторму», таму спачатку дачакаўся заканчэння разгляду гэтых пытанняў і толькі потым абвясціў аб сваім рашэнні.

«Не існуе ніякіх сумневаў у абгрунтаванасці адмовы ад служэння Наступнікам святога Пятра, і гэта абсурд, спекуляваць на такім рашэнні», — так напісаў Бэнэдыкт XVI у лісце, апублікаваным у лютым 2014 г. на першай старонцы газеты La Stampa, які стаў рэакцыяй на каментары з боку некаторых італьянскіх і міжнародных сродкаў масавай інфармацыі.

Кароткі, але «інтэнсіўны» адказ быў напісаны Папам на пенсіі ўласнаручна. Ён пацвердзіў, што рашэнне было прынята ў поўнай свабодзе, і любыя «чуткі аб несапраўднасці адмовы проста абсурдныя».

Адказваючы на пытанне аб нашэнні ім «белага адзення» і далейшым ужыванні імя Бэнэдыкт, ён адзначыў, што на момант адстаўкі не было ніякіх правіл, якія б прадугледжвалі іншы падыход.

Абноўлена 12.02.2021 09:41
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця