4 лютага Папа Францішак звярнуўся з відэапасланнем да ўдзельнікаў IV Міжнароднай навуковай канферэнцыі па музыказнаўству, арганізаванай Папскай радай па культуры разам з Папскім інстытутам сакральнай музыкі і Папскім літургічным інстытутам Універсітэта святога Анзэльма.
Двухдзённая сустрэча, як паведамляе руская рэдакцыя парталу Vatican News, праходзіць на тэму «Касцёл і музыка: тэксты і кантэксты».
Біблія, як нагадаў Пантыфік, натхніла бясконцае мноства музычных форм, якія азнаменавалі фундаментальныя старонкі гісторыі музыкі. Музычная спадчына Касцёла вельмі разнастайная, і акрамя літургіі яна можа праяўляцца ў канцэртным выкананні, у школьнай адукацыі, у катэхізацыі і нават у тэатры.
Ад пачатку пандэміі COVID-19 актыўнасць у музычнай сферы значна скарацілася, падкрэслівае Біскуп Рыма.
Як сцвердзіў Святы Айцец, добры музыка ведае кошт цішыні, ён разумее каштоўнасць паўзы. Чаргаванне гукаў і цішыні нясе свой плён: яно стымулюе ўвагу, якая адыгрывае галоўную ролю ў любым дыялогу.
«Дарагія музыкі, перад вамі стаіць задача слухаць адзін аднаго. На літургіі мы запрошаны слухаць Божае Слова. Слова — гэта наш „тэкст“, асноўны тэкст; а супольнасць — наш “кантэкст“. Слова — гэта крыніца сэнсу, яно асвятляе і задае кірунак шляху супольнасці», — адзначыў Пантыфік.
Мы ведаем, як важна абвяшчаць гісторыю збаўлення на зразумелых мовах і дыялектах. Музыка таксама можа дапамагчы біблейскім тэкстам “загаварыць“ у новых і розных культурных кантэкстах, каб Боскае слова магло эфектыўна кранаць розумы і сэрцы.Святы Айцец задумваецца над пытаннем на фоне пандэміі: «Цішыня, у якой мы апынуліся, пустая ці мы ўсё ж знаходзімся на стадыі слухання, якое ў будучыні зможа нарадзіць “новую песню“?»
«Шлях голасу, музычныя інструменты і кампазіцыі выражаюць у сённяшнім кантэксце гармонію голасу Бога, якая вядзе да „сімфоніі“, а значыць да агульнага братэрства», — дадаў Пантыфік.