Пошук

02.02.2021 11:39   Паводле: Vatican News / Catholic.by
На пасяджэнні Другога Ватыканскага Сабору ў базыліцы Святога Пятра ў Ватыкане ў 1963 г. (фота CNS / Catholic Press Photo)

«Без настаўніцтва Касцёла нават самае строгае захаванне веры вядзе да гібелі», — з такімі словамі звярнуўся Папа Францішак да італьянскіх катэхізатараў.

Як паведаміла руская рэдакцыя парталу Vatican News, 30 студзеня ў Клементыйскай зале Ватыкана Пантыфік прыняў на прыватнай аўдыенцыі дэлегатаў Аддзела катэхізацыі Біскупскай канферэнцыі Італіі. Сустрэча праходзіла з нагоды 60-годдзя заснавання гэтай структуры.

Першымі катэхізатарамі, па словах Пантыфіка, часта з’яўляюцца свецкія, якія шчодра дзеляцца прыгажосцю сустрэчы з Езусам:

«Хто такі катэхізатар? Гэта той, хто захоўвае і жывіць памяць пра Бога; ён захоўвае яе ў сабе, памятаючы пра гісторыю збаўлення, і ўмее абудзіць гэты ўспамін у іншых. Гэта хрысціянін, для якога гэтая памяць служыць абвяшчэнню; ён не хоча быць у цэнтры ўвагі і не кажа пра самога сябе. Ён кажа пра Бога, пра Яго любоў і вернасць».

Святы Айцец нагадаў пра некаторыя характарыстыкі прапаведавання: не навязваць ісціну, а заклікаць да свабоды; прапаведаванне павінна быць прасякнута радасцю, жыццёвай моцай і гарманічнай цэласнасцю, якая не дазволіць звесці яго да некалькіх дактрын, часам хутчэй філасофскіх, чым евангельскіх.

Пантыфік адзначыў, што сапраўдная вера павінна перадавацца «на гаворцы» — мове, якая ідзе ад сэрца, самай знаёмай і блізкай кожнаму. Пры гэтым Біскуп Рыма ўказаў на сувязь паміж катэхізацыяй і надыходзячым часам: «Мы павінны глядзець на (Другі Ватыканскі) Сабор з удзячнасцю Богу і з упэўненасцю ў будучыні Касцёла».

Пантыфік перакананы, што гэтая будучыня стане вялікім катэхізісам новых часоў:

«Альбо вы з Касцёлам і таму ідзяце за Саборам, альбо вы не ідзяце за саборам або інтэрпрэтуеце па-свойму, па сваім жаданні, — але ў такім выпадку вы не з Касцёлам.

<…> Без настаўніцтва Касцёла нават самае строгае захаванне веры вядзе да гібелі. Калі ласка, не саступайце тым, хто імкнецца прапанаваць катэхізацыю, якая не адпавядае вучэнню Касцёла», — сцвердзіў Пастыр Паўсюднага Касцёла.

Катэхізацыя, як падкрэсліў Святы Айцец, знаходзіцца ў «авангардзе Касцёла»: яна паклікана чытаць знакі часу і прымаць выклікі нашага сёння і будучыні. Пантыфік адзначыў, што варта не баяцца казаць на мове сучаснікаў, але трэба быць уважлівымі да кожнага з іх пытанняў, да нявырашаных праблем, слабасцяў і нявызначанасці.

Па словах Біскупа Рыма, важным момантам з’яўляецца таксама сувязь паміж катэхізацыяй і супольнасцю. У годзе, адзначаным ізаляцыяй і самотай з прычыны пандэміі, Касцёл неаднойчы разважаў пра пачуццё прыналежнасці, якое ляжыць у аснове супольнасці.

Абноўлена 02.02.2021 13:11
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.