Пошук

25.01.2021 10:03   Паводле: Vatican News
Фота: Vincenzo Pinto / Getty Images

23 студзеня было абнародавана пасланне Папы Францішка на Сусветны дзень масавай камунікацыі, які штогод адзначаецца ва ўспамін святога Францішка Сальскага. Сёлетняе пасланне мае назву «Ідзі і паглядзі» (пар. Ян 1, 46).

Як паведамляе беларуская рэдакцыя парталу Vatican News, у пасланні Пантыфік адзначыў, што гэтыя евангельскія словы з’яўляюцца метадам кожнай сапраўднай чалавечай камунікацыі.

Паводле Святога Айца, перадача «праўды, якая становіцца гісторыяй», патрабуе адмовіцца ад ганарыстага ўсёведання і выйсці ў дарогу, быць сярод людзей, слухаць, знаёміцца з рэчаіснасцю, якая заўсёды можа нас нечым здзівіць.

Пастыр паўсюднага Касцёла звярнуў увагу на тое, што ў наш час існуе рызыка з’яўлення «газет-ксеракопій», тэле- і радыёпраграм, ўэб-сайтаў, якія капіруюць адно аднаго.

Распаўсюджанай тэндэнцыяй з’яўляецца стварэнне інфармацыі перад маніторам камп’ютэра, не выходзячы на вуліцу і не сустракаючыся з людзьмі, каб шукаць гісторый і асабіста правяраць дадзеныя, дадаў ён.

«Калі мы не адкрываемся на сустрэчу, застаёмся вонкавымі гледачамі, нягледзячы на тэхналагічныя інавацыі, здольныя ставіць нас перад дапоўненай рэальнасцю і ствараць ілюзію таго, што мы з’яўляемся яе часткай», — напісаў Пантыфік.

Ён заўважыў, што тэхналагічныя прылады могуць быць карыснымі і каштоўнымі, калі яны дапамагаюць «пайсці і паглядзець» на тое, што без іх убачыць было б немагчыма, калі ўводзяць у сетку знаёмстваў, калі дапамагаюць сустрэцца.

Пантыфік нагадаў, што ў сваім Евангеллі св. Ян прыводзіць дэталі, якія сведчаць пра яго асабістую ангажаванасць у падзеі, звязаныя з Езусам.

У сувязі з гэтым Папа падкрэсліў важнасць непасрэднага знаёмства і асабістага досведу.

«„Пайсці і паглядзець“ — самы просты спосаб пазнаёміцца з рэчаіснасцю. Гэта праверка сумленнасці любой навіны: каб пазнаць, трэба сустрэцца, трэба дазволіць прамаўляць таму, хто знаходзіцца перад намі, дазволіць яго сведчанню дасягнуць мяне», — адзначыў Святы Айцец.

Папа падкрэсліў, што журналістыка патрабуе смеласці ісці туды, куды ніхто ісці не адважваецца. Ён заклікаў да ўдзячнасці шматлікімі прафесіяналам сферы медыя, якія рызыкуюць, паказваючы цяжкую сітуацыю людзей, пераслед, несправядлівасць, войны.

Пантыфік пажадаў, каб СМІ не абмяжоўваліся навінамі пра праблемы багатых, але звярталі ўвагу і на бедных, асабліва падчас пандэміі.

Па словах Папы, лічбавыя тэхналогіі даюць магчымасць хуткай перадачы інфармацыі з першых рук, і часта гэта карысна. Дзякуючы інтэрнэту можна даведацца пра падзеі, якія не заўважаюць традыцыйныя медыя. Сацыяльныя сеткі, напрыклад, даюць магчымасць зрабіць наш грамадзянскі ўнёсак, падзяліцца сведчаннем, распавесці пра тое, што адбываецца на нашых вачах.

З іншага боку, сацыяльныя сеткі звязаны з рызыкай неправеранай інфармацыі, маніпуляцый навінамі і выявамі, адзначыў Пантыфік.

Ён заклікаў карыстацца прыладамі камунікацыі з разважлівасцю і адказнасцю, правяраць праўдзівасць навін і выяўляць фэйкі.

Паводле Папы, асабістыя стасункі ў камунікацыі з’яўляюцца незаменнымі. Пастыр паўсюднага Касцёла нагадаў, што вучні Езуса не проста слухалі Яго, але таксама глядзелі на Яго, калі прамаўляў. «Слова можа быць плённым толькі тады, калі яго можна „ўбачыць“, калі яно заахвочвае цябе да дыялогу, калі ты ўзаемадзейнічаеш з ім. Менавіта таму заклік „ідзі і паглядзі“ настолькі важны», — сцвердзіў Пантыфік.

Святы Айцец заўважыў, што ў наш час шырокай наяўнасці інструментаў камунікацыі вельмі шмат «пустой красамоўнасці». Калі б св. Павел з Тарса жыў сёння, ён карыстаўся б электроннай поштай і сацыяльнымі сеткамі, але сучаснікаў уражвала б не гэта, а яго вера, надзея і любоў, размовы і сустрэчы з ім, дадаў Папа.

Пантыфік падкрэсліў, што Евангелле працягвае рэалізоўвацца і ў нашы дні, што адбываецца тады, калі мы атрымліваем яскравае сведчанне людзей, жыццё якіх змянілася пасля сустрэчы з Езусам.

Ён заклікаў супрацоўнікаў СМІ ажыццяўляць камунікацыю, сустракаючы людзей там, дзе яны знаходзяцца, і такімі, якія яны ёсць.

Сусветны дзень масавай камунікацыі адзначаецца ў Каталіцкім Касцёле з 1967 г. Сёлета ён пройдзе 16 мая ў 55-ы раз. Папскае пасланне было абнародавана ў вігілію ўспаміну св. Францішка Сальскага, апекуна журналістаў.

Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.