Свет паверыць, калі будзем сведчыць аб любові, якая яднае і робіць нас бліжнімі для ўсіх, сказаў Папа падчас агульнай аўдыенцыі 20 студзеня, прысвечанай Тыдню малітваў аб адзінстве хрысціянаў, які праходзіць з 18 па 25 студзеня.
Як паведамляе беларуская рэдакцыя парталу Vatican News, Пантыфік нагадаў, што падчас Апошняй вячэры Езус прамовіў малітву, у якой прасіў Айца аб еднасці для сваіх вучняў і якую можна назваць Яго «духоўным запаветам». Збаўца ведаў, што гэта не пад сілу самім вучням, бо «адзінства — гэта, у першую чаргу, дар, ласка, аб якой трэба прасіць у малітве», сказаў пастыр паўсюднага Касцёла.
Паводле Пантыфіка, дар адзінства патрэбны кожнаму чалавеку, бо кожны адчувае ўнутраны канфлікт паміж жаданнем рабіць дабро і схільнасцю да зла.
У гэтым, па словах Папы, знаходзіцца корань падзелаў, якія існуюць сярод людзей: у сям’і, у грамадстве, паміж народамі і нават паміж вернікамі. Папа нагадаў думку Другога Ватыканскага Сабору аб тым, што «разлад, ад якога пакутуе сучасны свет, звязаны з больш глыбокім разладам, які караніцца ў сэрцы чалавека».
«Гаенне падзелаў заключаецца не ў супрацьстаянні камусьці, бо нязгода стварае іншую нязгоду. Сапраўднае вылячэнне пачынаецца з просьбы, якую скіроўваем да Бога, аб міры, згодзе, адзінстве», — падкрэсліў Святы Айцец.
«Гэта датычыцца ў першую чаргу хрысціянаў: дасягненне адзінства можа быць выключна плёнам малітвы. Дыпламатычных намаганняў і акадэмічнага дыялогу недастаткова. Езус ведаў пра гэта і, молячыся, адкрыў нам шлях. Таму наша малітва аб адзінстве з’яўляецца пакорным, але даверлівым удзелам у малітве Пана, які паабяцаў, што кожная малітва, узнесеная ў Яго імя, будзе пачута Айцом», — нагадаў Пантыфік.
Ён заўважыў, што ад адзінства паміж хрысціянамі «залежыць вера ў свеце», як казаў Хрыстус, заклікаючы да адзінства.
«Свет паверыць не дзякуючы таму, што будзем пераконваць яго добрымі аргументамі, але дзякуючы нашаму сведчанню аб любові, якая нас яднае і робіць бліжнімі для ўсіх»,
— дадаў Папа.
«У гэты час нястачы яшчэ больш патрэбна малітва, каб адзінства пераважала над канфліктамі. Трэба тэрмінова адкласці асабістыя інтарэсы і спрыяць агульнаму дабру. Для гэтага фундаментальным з’яўляецца наш добры прыклад: важна, каб хрысціяне працягвалі ісці да поўнага, бачнага адзінства. На працягу апошніх дзесяцігоддзяў, дзякуй Богу, было зроблена шмат крокаў наперад, але трэба трываць у любові і малітве, з даверам і нястомна. Гэта шлях, які Дух Святы абудзіў у Касцёле, у хрысціянах і ўсіх нас, на якім мы ніколі не можам пайсці назад. Заўсёды наперад!» — заклікаў Пантыфік.
Па яго словах, маліцца — значыць змагацца за адзінства. Д’ябал заўсёды сее падзелы, спакушаючы нас слабасцю братоў, правакуючы крытыку і адасабляючы, а Бог прымае нас такімі, якія мы ёсць, і падштурхоўвае да адзінства, дадаў пастыр паўсюднага Касцёла.
Важна садзейнічаць адзінству малітвай і любоўю, а таксама пазбяганнем распаўсюджвання плётак, лічыць Святы Айцец.
«Тэма гэтага Тыдня малітваў датычыцца менавіта любові: “Заставайцеся ў Маёй любові: прынесяце багаты плён” (пар. Ян 15, 5-9). Корань адзінства знаходзіцца ў любові Хрыста, якая дапамагае нам пераадолець забабоны і ўбачыць у іншым брата і сястру, якіх мы павінны любіць заўсёды. Тады мы ўбачым, што хрысціяне іншых канфесій, з іх традыцыямі, іх гісторыяй, Божымі дарамі, з’яўляюцца дарам на тэрыторыях нашых дыяцэзіяльных і парафіяльных супольнасцяў. Пачнём жа маліцца за іх і, калі магчыма, разам з імі. Так мы навучымся любіць і цаніць іх», — заахвоціў Папа.
Ён нагадаў, што малітва з’яўляецца душой усяго экуменічнага руху. «Таму няхай яна стане зыходнай кропкай у дапамозе Езусу ў здзяйсненні Яго мары: каб усе былі адно», — завяршыў катэхезу Святы Айцец.
Таксама на завяршэнне агульнай аўдыенцыі Папа нагадаў, што 22 студзеня ўступіць у сілу Дамова аб забароне ядзернай зброі, і заклікаў усіх прыняць рашучыя меры на карысць свету без ядзернай зброі.
Ён заўважыў, што «гэта першы юрыдычна абавязковы міжнародны дакумент, які выразна забараняе ядзерную зброю, ужыванне якой мае аднолькавы эфект для ўсіх».
«За кароткі час яна паражае вялікую колькасць асобаў, наносячы доўгатэрміновы ўрон навакольнаму асяроддзю. Настойліва заклікаю ўсе дзяржавы і ўсіх людзей прыняць рашучыя меры для стварэння неабходных умоваў на карысць свету без ядзернай зброі, уносячы свой уклад у развіццё міру і шматбаковага супрацоўніцтва, так неабходных чалавецтву сёння», — сказаў Папа.
Як адзначае беларуская рэдакцыя Vatican News, дамова аб забароне ядзернай зброі была прынята ў 2017 г. на канферэнцыі ААН у Нью-Ёрку галасамі 122 дзяржаў. Дамова, між іншым, забараняе бакам распрацоўваць, выпрабоўваць, вырабляць і захоўваць ядзерную зброю ці іншыя ядзерныя выбуховыя прыстасаванні, перадаваць, атрымліваць, прымяняць ці пагражаць прымяненнем такой зброі, стымуляваць любым спосабам рабіць гэта, размяшчаць ядзерны арсенал на сваёй тэрыторыі або ў любым іншым месцы, якое знаходзіцца пад іх юрысдыкцыяй ці кантролем.