Пошук

18.01.2021 13:31   Падрыхтаваў: Мікола Гракаў / Catholic.by
Фота Віталія Палінеўскага

З 18 да 25 студзеня ва ўсім свеце традыцыйна праводзіцца Тыдзень малітваў аб адзінстве хрысціянаў.

Дэвіз сёлетняга Тыдня малітваў узяты з Евангелля паводле святога Яна:

«Заставайцеся ў Маёй любові і прынясеце багаты плён» (пар. Ян 15, 9.8).

Хоць з-за складанай эпідэміялагічнай сітуацыі звязаныя з ім мерапрыемствы праводзяцца ў абмежаваным фармаце, але ў многіх месцах вернікі розных канфесій сустрэнуцца разам на экуменічных набажэнствах.

З 1975 года штогадовыя матэрыялы для экуменічных набажэнстваў сумесна рыхтуюць групы хрысціянаў з розных краін і кантынентаў. Сёлета іх падрыхтавала манаская супольнасць Граншан са Швейцарыі.

Выбраная тэма ўзятая з першасвятарскай малітвы Хрыста з Евангелля паводле святога Яна (пар. Ян 15, 1–17) і звязана з экуменічным пакліканнем гэтай супольнасці.

Місія манаскай супольнасці Граншан, якая сёння налічвае 50 сясцёр, прадстаўніц розных пакаленняў, хрысціянскіх традыцый, краін і кантынентаў, заключаецца ў жыцці малітваю, гасціннасці, працы дзеля паяднання паміж людзьмі і адзінства хрысціянаў. Сваім дарам манаскага жыцця сёстры дзеляцца з наведвальнікамі і валанцёрамі, якія прыбываюць у Граншан, каб перажыць там рэкалекцыі, набыць досвед цішыні, аздараўлення, а таксама адшукаць сэнс жыцця.

Тры слупы, на якія абапіраецца штодзённае жыццё сясцёр — малітва, супольнасць і гасціннасць — сталі асноваю матэрыялаў, падрыхтаваных на сёлетні Тыдзень малітваў аб адзінстве хрысціянаў.

З гісторыі Тыдня малітваў аб адзінстве хрысціянаў

18 студзеня, у дзень, калі раней адзначалася свята Катэдры Святога Пятра, распачынаецца Тыдзень малітваў аб адзінстве хрысціянаў. Ён будзе працягвацца да свята Навяртання святога апостала Паўла, якое адзначаецца 25 студзеня. Узгадаем асноўныя этапы гэтай ініцыятывы, мэта якой — імкненне да адзінства ўсіх хрысціянаў.

  • Каля 1740 г. — у Шатландыі з’яўляюцца харызматычныя рухі, якія маюць сувязі з Касцёламі Паўночнай Амерыкі, чыё пасланне аднаўлення ўключае малітвы за іншыя Касцёлы і з іншымі Касцёламі.
  • 1820 г. — кс. Джэймс Хэлдэйн Сцюарт публікуе «Указанні для агульнага з’яднання хрысціянаў дзеля праліцця Духа Святога».
  • 1840 г. — кс. Ігнацыюс Спенсэр, навернуты католік, выступае з прапановай «З’яднання ў малітве для еднасці».
  • 1867 г. — першая Канферэнцыя Англіканскіх Біскупаў у Ламбеце падкрэслівае важнасць малітвы за адзінства ў «Прэамбуле» да сваіх «Рэзалюцый».
  • 1894 г. — Папа Леў ХІІ заахвочвае да правядзення Актавы малітваў за адзінства ў кантэксце ўрачыстасці Спаслання Духа Святога.
  • 1908 г. — з ініцыятывай правядзення ў студзені Актавы адзінства Касцёла выступіў англіканскі пастар Пол Уотсан.
  • 1926 г. — рух «Вера і касцёльны парадак» Сусветнай Рады Цэркваў пачынае выдаваць «Дапаможныя матэрыялы на Актаву малітваў за адзінства хрысціянаў».
  • 1935 г. — кс. Поль Куцюр’е з Францыі падтрымлівае Паўсюдны тыдзень малітваў за адзінства хрысціянаў, маючы на ўвазе малітву за адзінства, якога хоча Хрыстус, і з дапамогаю сродкаў, якіх Ён жадае.
  • 1958 г. — цэнтр «Адзінства хрысціянаў» (Ліён, Францыя) і камісія «Вера і касцёльны парадак» Сусветнай Рады Касцёлаў распачынаюць супольную падрыхтоўку матэрыялаў на Тыдзень малітваў.
  • 1964 г. — Дэкрэт пра экуменізм Unitatis redintegratio Другога Ватыканскага Сабору падкрэслівае той факт, што малітва — душа экуменічнага руху, і такім чынам заахвочвае праводзіць Тыдзень малітваў за адзінства хрысціянаў.
  • 1966 г. — камісія «Вера і касцёльны парадак» Сусветнай Рады Цэркваў і Сакратарыят па справах адзінства хрысціянаў (цяпер — Папская рада спрыяння хрысціянскаму адзінству) распачынаюць супольна афіцыйную падрыхтоўку тэкстаў на Тыдзень малітваў аб адзінстве хрысціянаў (выкарыстаны ўпершыню ў 1968 г.).
  • 1975 г. — пачатковы праект тэкстаў да Тыдня малітваў за адзінства хрысціянаў быў падрыхтаваны мясцовай супольнасцю, а потым перапрацаваны камісіяй «Вера і касцёльны парадак» і Папскай радай спрыяння хрысціянскаму адзінству. Гэта становіцца практыкай наступных гадоў.
  • 2004 г. — камісія «Вера і касцёльны парадак» і Папская рада спрыяння хрысціянскаму адзінству вырашаюць, што брашуры з тэкстамі на Тыдзень малітваў аб адзінстве хрысціянаў будуць супольна публікавацца і прадстаўляцца ў тым жа фармаце.
  • 2008 г. — адзначалася стагоддзе Тыдня малітваў аб адзінстве хрысціянаў.
  • З 24 студзеня 2008 г. адмысловае набажэнства ў межах Тыдня малітваў аб адзінстве хрысціянаў з удзелам прадстаўнікоў розных хрысціянскіх канфесій рэгулярна праводзілася ў мінскім катэдральным касцёле Найсвяцейшага Імя Марыі, аднак сёлета ў сувязі са складанай эпідэміялагічнай сітуацыяй замест яго адбудуцца малітвы ў гэтай інтэнцыі.
Абноўлена 18.01.2021 15:41
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.