Пошук

18.01.2021 15:04   Паводле: Vatican News
Фота: risveglioduemila.it

У разважанні перад малітвай «Анёл Панскі» 17 студзеня Папа адзначыў, што «сустрэча з Езусам, які кажа пра Айца, дазваляе нам пазнаць Яго любоў», «і тады ў нас узнікае спантаннае жаданне перадаць яе людзям, якіх любім».

Як паведамляе беларуская рэдакцыя парталу Vatican News, Пантыфік пракаментаваў евангельскі ўрывак, які распавядае пра сустрэчу Езуса з першымі вучнямі. Папа адзначыў, што, калі яны спыталі: «„Раббі (што азначае "настаўнік"), дзе жывеш?“, Збаўца не адказаў: у Капернауме ці ў Назарэце, а: „Ідзіце і ўбачыце“».

Па словах Папы, кожнае пакліканне Бога «з’яўляецца ініцыятывай Яго любові».

«Першае пакліканне Бога — гэта пакліканне да жыцця, праз што Ён стварае нас як асобу. Гэта індывідуальнае пакліканне, паколькі Бог не кіруе яго серыйна. Затым Бог заклікае нас да веры, стаць часткай Яго сям'і як дзеці Божыя. Нарэшце, Бог заклікае нас да асаблівага стану жыцця: да дару сябе ў сужэнстве, святарстве або кансэкраваным жыцці», — звярнуў увагу Святы Айцец.

Ён падкрэсліў, што для кожнага верніка найвялікшай радасцю з’яўляецца водгук на гэтае пакліканне, «адданне ўсяго сябе на службу Богу і братам».

Як дадаў Папа, хоць наш адказ можа суправаджацца адмовай або страхам, «Божае пакліканне — гэта любоў, і мы адказваем на яе толькі любоўю». «На пачатку ёсць сустрэча, дакладней, сустрэча з Езусам, які распавядае нам пра Айца, дазваляе нам пазнаць Яго любоў. І тады ў нас узнікае спантаннае жаданне перадаць яе людзям, якіх мы любім: „Я сустрэў любоў“, „Я знайшоў сэнс свайго жыцця“. Адным словам: „Я знайшоў Бога“», — сказаў Пантыфік.

Ён заахвоціў вернікаў зрабіць сваё жыццё «песняй хвалы Богу ў адказе на Яго пакліканне і ў пакорлівым і радасным выкананні Яго волі».

Таксама Папа заклікаў далучыцца да малітвы аб адзінстве хрысціянаў.

Ён нагадаў, што асабіста ўзначаліць цэлебрацыю Нешпараў у канцы адмысловага Тыдня малітваў.

«Заўтра важны дзень: пачынаецца Тыдзень малітваў аб адзінстве хрысціянаў. У гэтым годзе тэма спасылаецца на настаўленне Езуса: „Заставайцеся ў Маёй любові: прынесяце багаты плён“. У панядзелак, 25 студзеня, мы завершым яго цэлебрацыяй Нешпараў у базыліцы святога Паўла за Мурамі разам з прадстаўнікамі іншых хрысціянскіх супольнасцяў, якія прысутнічаюць у Рыме. У гэтыя дні будзем маліцца ў адзін голас аб выкананні жадання Езуса: „Каб усе былі адно“», — адзначыў Папа.

Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.