13 студзеня ў Ватыкане пачалася кампанія па вакцынацыі супраць каранавірусу, паведаміў журналістам кіраўнік прэс-службы Апостальскай Сталіцы Матэо Бруні.
Як паведамляе беларуская рэдакцыя парталу Vatican News, прыярытэт будзе аддадзены асобам, якія знаходзяцца ў зоне рызыкі: персаналу сфер аховы здароўя і грамадскай бяспекі, пажылым людзям і супрацоўнікам, якія сцісла кантактуюць з насельніцтвам.
Прышчэпку атрымаюць грамадзяне Ватыкана, супрацоўнікі Святога Пасаду і пенсіянеры, а таксама іх блізкія, застрахаваныя ў Фондзе медыцынскай дапамогі (FAS).
Кампанія будзе праходзіць цалкам на добраахвотнай аснове.
З яе будуць выключаны непаўналетнія: на дадзены момант адсутнічаюць адпаведныя даследаванні.
Ватыкан замовіў каля 10 тыс. доз вакцыны ў нямецкага вытворцы Biontech і яго партнёра з ЗША Pfizer. Вакцынацыя праводзіцца ў атрыуме Залы Паўла VI кваліфікаваным медыцынскім персаналам Упраўлення аховы здароўя і гігіены, у адпаведнасці з рэкамендацыямі па ахове здароўя падчас пандэміі.
Прышчэпку з першай дозай вакцыны атрымалі Папа Францішак і Папа на пенсіі Бэнэдыкт XVI. Гэта таксама пацвердзіў журналістам кіраўнік прэс-службы Апостальскай Сталіцы.
Папа Францішак заявіў пра гатоўнасць прышчапіцца ад COVID-19 у нядаўнім інтэрв’ю італьянскаму тэлевізійнаму Canale 5. Ён падкрэсліў, што тут гаворка ідзе пра «этычны выбар», ад якога залежыць не толькі ўласнае жыццё, але і жыццё іншых людзей.
Пантыфік перакананы, што вакцынацыю павінны прайсці ўсе.
Тое, што прышчэпку атрымае Бэнэдыкт XVI, некалькі дзён таму пацвердзіў яго асабісты сакратар арцыбіскуп Георг Генсвайн. Разам з Папам на пенсіі вакцынацыю пройдуць усе жыхары яго рэзідэнцыі — кляштара Mater Ecclesiae.