19 снежня Кангрэгацыяй Божага культу і дысцыпліны сакрамэнтаў былі абнародаваны рэкамендацыі адносна належнага ўшанавання Божага слова падчас літургічных цэлебрацый.
Як паведамляе беларуская рэдакцыя парталу Vatican News, дакумент пад назвай «Заўвага адносна Нядзелі Божага Слова» мае на мэце дапамагчы абуджэнню ўсведамлення важнасці Святога Пісання для жыцця вернікаў, а таксама адносін паміж Божым слова і літургіяй.
Нядзеля Божага Слова, якая была ўстаноўлена 30 верасня 2019 г. Папам і адзначаецца ў трэцюю нядзелю Звычайнага перыяду, з’яўляецца цудоўнай нагодай для таго, каб перачытаць некаторыя касцёльныя дакументы, якія «датычацца тэалагічных, літургічных і душпастырскіх прынцыпаў адносна Божага слова, якое абвяшчаецца падчас літургіі, а таксама розных іншых літургічных цэлебрацый».
Заўважаецца, што «праз літургічныя чытанні Бог прамаўляе да свайго народу і сам Хрыстус абвяшчае сваё Евангелле». У сувязі з гэтым неабходна з асаблівай годнасцю абвяшчаць Божае слова.
У Нядзелю Божага Слова пажадана правядзенне працэсіі з евангеліярыем на пачатку святой Імшы ці размяшчэнне яго на алтары.
Неабходна паважаць парадак чытанняў, прапанаваны Касцёлам, не замяняць і не прапускаць іх, выкарыстоўваючы версіі Бібліі, зацверджаныя для літургічнага ўжытку. Рэкамендуецца спяванне рэспансарыйнага псальму.
У гаміліі, абапіраючыся на літургічныя чытанні, пастыры павінны тлумачыць таямніцы веры і нормы хрысціянскага жыцця, дапамагаць усім разумець Святое Пісанне, рабіць яго «даступным для сваёй супольнасці». Біскупы, святары і дыяканы пакліканы выконваць гэтае служэнне «з асаблівай адданасцю». У дакуменце звяртаецца ўвага на важнасць моманту цішыні, бо, «спрыяючы медытацыі, ён дазваляе тым, хто слухае Божае слова, прыняць яго ў душы».
Ад асобаў, якія абвяшчаюць Божае слова падчас літургіі — святароў, дыяканаў і лектараў — патрабуецца асаблівая «ўнутрая і знешняя падрыхтаванасць, добрае знаёмства з тэкстам, які будзе чытацца, а таксама практыкаванне ў яго абвяшчэнні, каб пазбягаць усялякіх імправізацый».
Амбона ў касцёле прызначана для абвяшчэння літургічных чытанняў, спявання рэспансарыйнага псальму і абвяшчэння Вялікадня.
З яе належыць прамаўляць гамілію і інтэнцыі Малітвы вернікаў, але пазбягаць яе выкарыстання для каментароў, абвестак ці кіравання спевам.
Кнігі, у якіх змешчаны ўрыўкі са Святога Пісання, павінны быць зроблены з якаснага матэрыялу і выкарыстоўвацца годным чынам. У сувязі з гэтым непажадана ўжыванне лісткоў, ксеракопій, дапаможнікаў замест літургічных кніг.
Напярэдадні ці пасля Нядзелі Божага Слова Кангрэгацыя Божага культу і дысцыпліны сакрамэнтаў прапануе праводзіць адмысловыя фармацыйныя сустрэчы, каб дапамагаць лепшаму разуменню Святога Пісання і яго каштоўнасці ў літургічных цэлебрацыях. Падчас іх можна больш дэталёва распавядаць пра тое, як Касцёл чытае Біблію ў малітве, пра крытэрыі размеркавання літургічных чытанняў на працягу года. Нядзеля Божага Слова можа стаць добрай нагодай, каб паглыбіць разуменне сувязі паміж Святым Пісаннем і Літургіяй гадзін.
На завяршэнне дакумента звяртаецца ўвага на постаць св. Іераніма, які дае прыклад «вялікай любові да Божага слова».
Адзначаецца, што, як нагадаў Папа Францішак у Апостальскім лісце Scripturae sacrae affectus ад 30 верасня 2019 г., напісаным з нагоды 1600-годдзя з дня смерці св. Іераніма, ён быў «нястомным даследчыкам, перакладчыкам, экзэгетам, глыбокім знаўцам і руплівым папулярызатарам Святога Пісання», а слухаючы яго, знайшоў самога сябе, аблічча Бога і братоў.
«Заўвага адносна Нядзелі Божага Слова» была падпісана 17 снежня прэфектам Кангрэгацыі Божага культу і дысцыпліны сакрамэнтаў кардыналам Рабэрам Сара.