Пошук

12.12.2020 17:19   Паводле: Сssr.by
Маці Божая Міласэрнасці. Мастак: Дамэніко Гірландаё / Commons.wikimedia.org

Папа Францішак абвясціў у Касцёле Год святога Юзафа. Таксама з гэтай нагоды Пантыфік абвясціў пра адпуст (індульгенцыю) для ўсіх, хто выканае патрэбныя ўмовы і прыме ўдзел у падзеях Года святога Юзафа вызначаным чынам.

Матэрыял гэтай тэме прысвячае Сssr.by.

Ёсць тры звычайныя ўмовы, якія неабходна выканаць, каб атрымаць адпуст (індульгенцыю): 1) быць у стане асвячальнай ласкі (г.зн. не мець на сумленні цяжкіх грахоў, калі такія ёсць, неабходна прыступіць да споведзі), 2) прыняць святую Камунію, 3) памаліцца ў інтэнцыях Святога Айца («Ойча наш», «Вітай, Марыя» і «Хвала Айцу»). Да гэтых трох умоў неабходна выканаць прынамсі адзін вызначаны ўчынак з нагоды Года св. Юзафа.


Вызначаны наступныя ўчынкі для атрымання поўнага адпусту (індульгенцыі) у Год св. Юзафа:

  1. на працягу 30 хвілін паразважаць над малітвай «Ойча наш»,
  2. прыняць удзел у прынамсі аднадзённых духоўных рэкалекцыях, якія прадугледжваюць разважанне над асобай св. Юзафа,
  3. па прыкладзе св. Юзафа споўніць учынкі міласэрнасці да цела і душы бліжняга,
  4. сумесна памаліцца св. Ружанец у сям'і або заручаным,
  5. штодзённа давяраць сваю дзейнасць абароне св. Юзафа,
  6. памаліцца праз заступніцтва Рамесніка з Назарэта, каб тыя, хто шукае працу, маглі знайсці яе і каб праца ўсіх была больш годнай,
  7. памаліцца Літаніяй да св. Юзафа ці Акафістам да св. Юзафа, поўным тэкстам ці прынамці яго часткай (для візантыйскай традыцыі), або любой малітвай да св. Юзафа, уласцівай іншым літургічным традыцыям, у інтэнцыі Касцёла, які пераследуецца ad intra і ad extra, і аб суцяшэнні душаў усіх хрысціян, якія пакутуюць ад розных форм пераследу,
  8. памаліцца да св. Юзафа ці здзейсніць акт пабожнасці ў яго гонар 19 сакавіка і 1 мая, у свята Святой Сям’і Езуса, Марыі і Юзафа, у Нядзелю св. Юзафа (згодна з візантыйскай традыцыяй), а таксама ў 19-ы дзень кожнага месяца і кожную сераду, якая прысвечана святому, згодна з лацінскай традыцыяй.

Дадаткова да гэтых умоў у кантэксце надзвычайнай эпідэміялагічнай сітуацыі дар «поўнага адпусту асаблівым чынам распаўсюджваецца на пажылых людзей, на хворых і паміраючых, на ўсіх, хто па законных прычынах не мае магчымасці выходзіць з дому». Для атрымання адпусту ім патрэбна адсутнасць прывязанасці да граху, намер паспавядацца, як толькі гэта стане магчымым, выканаць тры звычайныя ўмовы, а таксама ўчыніць акт пабожнасці ў гонар св. Юзафа, суцяшыцеля хворых і апекуна добрай смерці, з даверам ахвяруючы Богу пакуты і нязручнасці свайго жыцця.


Што такое індульгенцыя (адпуст)

Слова «індульгенцыя» ў перакладзе з лацінскай мовы азначае «літасць» і мае на ўвазе частковую ці поўную адмену пакарання, якое грэшнік павінен будзе панесці, трапіўшы ў чысцец.

У старажытным Касцёле на вернікаў накладаліся, адпаведна да цяжару здзейсненага граху, пакаранні, якія часам даводзілася зносіць шмат гадоў. І толькі пасля такога працяглага пакаяння вернікі дапускаліся да Камуніі. З часам, каб не пазбаўляць вернікаў магчымасці прымірыцца з Богам, такія працяглыя перыяды пакаяння былі адмененыя, і раскаяны грэшнік дапускаўся да сакрамэнтаў Касцёла. Аднак пакаранне не адмянялася, а заставалася на перыяд знаходжання ў чысцы.

Падобныя ўяўленні нарадзілі практыку індульгенцыі, калі Касцёл дараваў чалавеку частку кары за грахі або нават кару цалкам, «палягчаючы» пасмяротную долю.

У XIII ст. французскі багаслоў Гуго Сен-Шэрскі распрацаваў вучэнне пра тое, што Касцёл валодае скарбніцай, запасам добрых учынкаў, здзейсненых Хрыстом, Багародзіцай, жывымі і спачылымі святымі, і што з гэтага запасу можна «пакрываць» грахі людзей. У 1343 г. спецыяльным дэкрэтам Папы Клімента VI гэтае вучэнне было афіцыйна прынята Каталіцкім Касцёлам. У тым жа стагоддзі вучэнне Гуго Сен-Шэрскага атрымала далейшую дэталёвую распрацоўку ў працах тэолагаў-схаластаў, у тым ліку св. Бонавэнтуры і св. Тамаша Аквінскага.


Гісторыя індульгенцый ва ўсходніх Праваслаўных Цэрквах

Практыка індульгенцый існавала і ва ўсходніх Праваслаўных Цэрквах. Індульгенцыі, сярод праваслаўных вядомыя як apheseis і sygchorochartia, былі досыць распаўсюджаныя ўжо ў XVI стагоддзі. У пачатку XVIII стагоддзя ерузалемскі патрыярх Дасіфей Нотарас (1641-1707) піша пра індульгенцыі як пра ўсім даўно вядомую і старажытную традыцыю: «Пераважыў звычай і старажытная традыцыя, якая вядомая ўсім, каб свяцейшыя патрыярхі давалі царкоўнаму народу грамату пра адпушчэнне грахоў (sygchorochartion)».

У той час, калі ва ўсходніх Праваслаўных Цэрквах індульгенцыі атрымалі найбольшае распаўсюджванне, Руская Царква з-за ўмяшання свецкай улады ў царкоўнае кіраванне была пазбаўлена патрыяршаства, а такім чынам і права даваць індульгенцыі, якія ў практыцы Праваслаўнай Царквы дараваліся патрыярхам.

Практыка выдачы індульгенцый атрымала афіцыйнае пацверджанне на Канстанцінопальскім Саборы 1727 года.

Гэты Сабор быў скліканы ў адказ на ўзмоцненую «лацінскую прапаганду», якая разгарнулася галоўным чынам у Сірыі, Міжрэччы, Палестыне і Егіпце, і стаў працягам Канстанцінопальскага Сабору 1722 года. Выдача індульгенцый звязвалася з уладай праваслаўных патрыярхаў. У сваёй палеміцы з лацінствам грэкі падвяргалі сумневу не саму па сабе з'яву індульгенцыі, але тое, што Папы прыпісвалі выключна сабе права выдаваць іх.


Каталіцкае вучэнне пра індульгенцыі

«Індульгенцыя ёсць дараванне перад Богам часовага пакарання за грахі, віна за якія ўжо прабачана; яго атрымлівае вернік, які мае належны духоўны стан, пры пэўных умовах, дзякуючы дапамозе Касцёла, які размяркоўвае і прымяняе сваёю ўладаю скарбніцу заслугаў Хрыста і святых.

Індульгенцыя можа быць частковай ці поўнай у залежнасці ад таго, часткова або цалкам яна здымае пакаранне за грэх. Частковыя і поўныя індульгенцыі могуць давацца таксама і памерлым — праз малітву» (Апостальская канстытуцыя Папы Паўла VI Indulgentiarum doctrina, 1-3). Прыведзенае тлумачэнне было апублікавана ў 1967 г., тым не менш, яно цалкам грунтуецца на Традыцыі.

Гэтае вучэнне грунтавалася на ўяўленнях, якія даўно ўжо існавалі ў Касцёле і зыходзілі да старажытнакасцёльнай пакаяннай дысцыпліны, што склалася пасля вялікага пераследу III ст.

Большасць тых, хто каяўся, складалі адступнікі, якія адракліся ад Хрыста падчас пераследу і такім чынам адпалі ад касцёльнай супольнасці, але пасля раскаяліся і прасілі пра ўз'яднанне з Касцёлам.

Устаноўлены тэрмін пакаяння быў, як правіла, доўгім, але ён мог быць скарочаны — праз заступніцтва вызнаўцаў (г.зн. тых, хто знёс пакуты падчас ганенняў, але не адрокся ад веры). Вызнаўцы «бралі на парукі» тых, хто каяўся: грахі тых, якія ўпалі, «пакрываліся» іх заслугамі.

Святы Тамаш Аквінскі засяроджваў увагу на тым, што дзеянне індульгенцыі не можа быць механічным, а цалкам залежыць ад унутранага стану таго, хто яе атрымлівае. Вядома, што сакрамэнт пакаяння дзейсны толькі ў выпадку шчырага раскаяння і рашучасці больш не грашыць. Індульгенцыя, якая не з'яўляецца сакрамэнтам, можа быць атрыманая вернікам толькі пасля таго, як ён прыступіць да сакрамэнту пакаяння.

У 1547 г. Папа Пій V катэгарычна забараніў практыку продажу індульгенцый, якая і раней была зусім некананічнай. Асуджэнне Касцёлам ранейшых злоўжыванняў выказана і ў Апостальскай канстытуцыі Паўла VI Indulgentiarum doctrina.

Пасля Другога Ватыканскага Сабору Касцёл унёс некаторыя дадатковыя змены, адпаведныя духу часу, якія спрыяюць сапраўднаму духоўнаму ўзрастанню вернікаў. У прыватнасці, вернікам прадстаўлена больш магчымасцяў самім вырашаць, якія добрыя справы ім варта абраць для атрымання індульгенцыі.


Апостальская канстытуцыя Папы Паўла VI Indulgentiarum doctrina

Навука і практыка адносна індульгенцый, якія існуюць у Каталіцкім Касцёле на працягу многіх стагоддзяў, грунтуюцца на трывалым падмурку — на Божым Аб'яўленні. Гэтае Аб'яўленне, дадзенае праз апосталаў, «развіваецца ў Касцёле пад апекай Святога Духа».

З Божага Аб'яўлення мы ведаем, што наступствамі граху з'яўляюцца кары, накладзеныя Божай святасцю і справядлівасцю.

Яны павінны быць або адпакутаваныя на гэтым свеце праз цярпенні, пазбаўленні і пакуты гэтага жыцця, і асабліва праз смерць (пар. Быц 3, 16-19; Лк 19, 41-44; Рым 2, 9; 1 Кар 11, 32), або ў наступным жыцці праз агонь і мукі ў чысцы (пар. Мц 25, 41-42; Мк 9, 42-43; Ян 5, 28-29; Гал 6, 6-8).

Кожны грэх на самой справе выклікае парушэнне ва ўніверсальным парадку, устаноўленым Богам у Яго неспасцігальнай мудрасці і бясконцай любові; прыносіць знішчэнне вялізных дабротаў як для самога грэшніка, так і для чалавечай супольнасці.

Для поўнага адпушчэння грахоў і выпраўлення неабходна не толькі аднавіць адзінства з Богам праз шчырае духоўнае навяртанне і адпакутаванне крыўды супраць Яго мудрасці і дабра, але таксама поўнае аднаўленне ўсіх дабротаў, зменшаных або знішчаных праз грэх, як асабістых, так і сацыяльных і тых, якія адносяцца да самога ўніверсальнага парадку. Даброты гэтыя павінна быць адноўленыя або шляхам добраахвотнага выпраўлення, што будзе не без цяжкасці, або шляхам знясення караў, якія накладаюцца справядліваю і святою Божаю мудрасцю. З існавання ж і сур'ёзнасці пакарання мы зразумеем глупства і зло граху і яго шкодныя наступствы.

З вялікай і ласкавай таямніцы Божага ўстанаўлення людзі звязаныя адзін з адным надпрыроднымі сувязямі, з-за чаго грэх аднаго шкодзіць іншым, гэтак жа, як святасць аднаго прыносіць карысць іншым.

Такім чынам, вернікі дапамагаюць адзін аднаму ў дасягненні надпрыроднай мэты.

Вернікі, якія ішлі па слядах Хрыста, заўсёды намагаліся дапамагчы адзін аднаму на шляху да Нябеснага Айца праз малітву, добры прыклад і пакутнае ачышчэнне. Гэта вельмі стары догмат пра зносіны святых, што жыццё кожнага з дзяцей Божых звязанае цудоўнай сувяззю ў Хрысце з жыццём усіх іншых братоў-хрысціянаў у надпрыродным адзінстве містычнага Цела Хрыстовага як у адзінай містычнай асобе (пар. 1 Кар 12, 12-13).

Так паўстала «скарбніца Касцёла». Утварае яе сам Хрыстус Адкупіцель, у якім знаходзяцца і дзейнічаюць заслугі Яго Адкуплення. Акрамя таго, да скарбніцы належыць каштоўнасць велізарная, неспасцігальная і заўсёды свежая, якую маюць перад Богам малітвы і добрыя ўчынкі Найсвяцейшай Дзевы Марыі і ўсіх святых, якія, ідучы па слядах Хрыста, дзякуючы Яго ласцы, асвяціліся і выканалі сваю місію, атрыманую ад Айца. Такім чынам, яны дасягнулі свайго ўласнага збаўлення, а таксама зрабілі свой уклад у збаўленне сваіх братоў у адзінстве Містычнага Цела. Таму іх братэрскі клопат істотна падтрымлівае нашу слабасць.

Адсюль паміж вернымі, жыхарамі нябеснай айчыны, тымі, што яшчэ пакутуюць у чысцы за свае правіны, а таксама паломнікамі на зямлi безумоўна існуе трывалы вузел любові і абмен усімі дабротамі.

Касцёл, свядомы гэтых праўдаў, з першых стагоддзяў меў і прадпрымаў розныя спосабы ўдзялення пладоў Панскага адкуплення асобным вернікам, каб яны маглі працаваць над збаўленнем сваіх братоў. Самі апосталы заахвочвалі сваіх вучняў маліцца за збаўленне грэшнікаў (Як 5, 16; 1 Ян 5, 16).

Старажытны звычай Касцёла захаваў гэтую практыку.

Са старажытных часоў у Касцёле ў ахвяру за збаўленне грэшнікаў здзяйсняліся таксама добрыя справы, асабліва тыя, што з'яўляюцца цяжкімі для людской слабасці.

Пры ўсім гэтым жыло перакананне, што не асобныя вернікі ўласнымі толькі сіламі прычыняюцца да адпушчэння грахоў іншых братоў, але верылі, што сам Касцёл, злучаны з Хрыстом як адно цела з галавою, адплочвае ў асобных членах.

Перакананне, існуючае ў Касцёле, пра тое, што пастыры Божай аўчарні могуць вызваліць вернікаў ад кары, што застаецца пасля граху, праз заслугі Хрыста і святых, паступова ўвяло з цягам часу практыку індульгенцый за натхненнем Святога Духа, які пастаянна ажыўляе люд Божы.

Практыка індульгенцый паволі ўвайшла ў гісторыю Касцёла як значны факт, калі біскупы Рыма пастанавілі, што пэўныя ўчынкі, якія адпавядаюць агульнаму дабру Касцёла, «можна лічыць за пакуту».

Вернікі, атрымліваючы індульгенцыі, разумеюць, што ўласнымі сіламі не могуць адпакутаваць зло, якое праз грэх нанеслі самі сабе, а таксама супольнасці, і таму пабуджаюцца да збавеннай пакуты.

Абноўлена 06.12.2021 21:13
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця