24 снежня, у вігілію Божага Нараджэння, Папа Францішак адчыніў Святыя дзверы ватыканскай базылікі святога Пятра, распачаўшы тэакім чынам Святы год, які праходзіць пад дэвізам «Пілігрымы надзеі».
Як паведаміла Беларуская рэдакцыя парталу Vatican News, Святы Айцец спадзяецца, што Юбілей дапаможа чалавецтву знайсці новую надзею ў час, калі яна так патрэбна.
Абрад адкрыцця Святых дзвярэй сабраў на плошчы Святога Пятра шматлікіх вернікаў, якія маглі назіраць за ім на вялікіх экранах. Папа Францішак прамовіў: Hæc porta Domini (Вось брамы Пана), а ўсе прысутныя адказалі: Iusti intrabunt in eam (Справядлівыя ўвойдуць у іх).
Папа папрасіў адчыніць для яго дзверы і праехаў праз іх у інвалідным вазку як першы пілігрым пад бой званоў, які абвясціў усяму свету пачатак Юбілейнага года.
Сярод першых 54-х вернікаў, якія прайшлі праз Святыя дзверы, былі прадстаўнікі ўсіх кантынентаў, у тым ліку тых краін, дзе католікі з’яўляюцца меншасцю.
Святы год — асаблівы час у жыцці Касцёла. Кожны вернік, які здзейсніць пілігрымку ў Рым і пройдзе праз Святыя дзверы, пры выкананні звычайных умоў (споведзь, Камунія, адсутнасць прывязанасці да кожнага граху) можа атрымаць поўны адпуст і такім чынам духоўна аднавіцца.
Акрамя ватыканскай базілікі, Святыя дзверы падчас Юбілею 2025 года будуць адчынены ў трох папскіх базыліках Рыма: святога Яна на Латэране, Святой Марыі Вялікай і святога Паўла за Мурамі. Акрамя таго, Папа выказаў жаданне асабіста адчыніць Святыя дзверы ў рымскай турме Рэбібія.
Распачатаы ў Ватыкане Святы год праходзіць у Каталіцкім Касцёле з 24 снежня да 6 студзеня 2026 года.
Ва ўсіх дыяцэзіях Беларусі мясцовымі біскупамі вызначаны юбілейныя святыні, за наведванне якіх у пілігрымцы падчас Юбілею пры выкананні пералічаных вышэй звычайных умоў таксама можна атрымаць поўны адпуст.