Пошук

04.12.2020 10:12   Паводле: Vatican News
Фота: Avvenire.it

3 снежня Папа скіраваў пасланне з нагоды Міжнароднага дня інвалідаў. Святы Айцец прапанаваў паразважаць над яго сёлетняй тэмай — «Адбудаваць лепш: на шляху да інклюзіўнага і ўстойлівага свету пасля пандэміі з улікам патрэб інвалідаў».

Як паведамляе беларуская рэдакцыя парталу Vatican News, гэтую тэму натхніла евангельская прыпавесць пра дом, збудаваны на скале ці на пяску (Лк 10, 25-37).

Дажджы, рэкі і вятры, якія пагражалі гэтаму дому, паводле Пантыфіка, можна атаясаміць з «культурай адчужэння», распаўсюджанай у наш час.

У ёй «людзі больш не разглядаюцца як асноўная каштоўнасць, якую трэба паважаць і абараняць, асабліва калі яны бедныя ці з абмежаванымі магчымасцямі».

«Мы ўсе знаходзімся ў адным чаўне пасярод неспакойнага мора, якое можа нас палохаць, але ў гэтым чаўне ёсць тыя, каму яшчэ складаней, і сярод іх — людзі з сур’ёзнымі формамі інваліднасці», — заўважыў Папа.

Пастыр паўсюднага Касцёла дадаў, што, нягледзячы на важныя дасягненні ў сферы ўсведамлення годнасці кожнага чалавека і ўключэння інвалідаў у жыццё грамадства, дагэтуль на культурным узроўні застаюцца розныя формы непрыняцця і маргіналізацыі. Прычына гэтага заключаецца ў «нарцысічным і ўтылітарысцкім мысленні» і неразуменні таго, што «ўразлівасць належыць усім».

«Таму важна, асабліва ў гэты Дзень, падтрымліваць культуру жыцця, якая няспынна будзе пацвярджаць годнасць кожнага чалавека, асабліва абараняючы людзей з інваліднасцю ўсіх узростаў і сацыяльных станаў», — напісаў Святы Айцец.

Папа адзначыў, што сапраўднай «скалой», на якой трэба будаваць грамадства, а таксама праграмы і ініцыятывы, адрасаваныя асобам з абмежаванымі магчымасцямі, павінна стаць інклюзіўнасць.

«Моц ланцуга залежыць ад увагі, якая даецца самым слабым звёнам», — заўважыў Пантыфік.

Звяртаючыся да касцёльных структур, Святы Айцец заклікаў іх клапаціцца пра адпаведныя і даступныя прылады для перадачы веры, а таксама пра належную фармацыю ў сферы душпастырства людзей з інваліднасцю і выкарыстання інклюзіўных душпастырскіх інструментаў.

«Парафіяльныя супольнасці павінны працаваць над пашырэннем сярод вернікаў адкрытасці да людзей з інваліднасцю. Для стварэння цалкам даступнай парафіі недастаткова толькі разбурыць архітэктурныя бар’еры, у першую чаргу патрэбны салідарныя і прасякнутыя духам служэння паводзіны і дзеянні парафіян у адносінах да інвалідаў і іх сем’яў», — напісаў Папа.

«Скалой», на якой трэба будаваць грамадства, павінна стаць спрыянне актыўнаму ўдзелу людзей з інваліднасцю ў яго жыцці, дадаў Пантыфік.

Яны, па яго словах, павінны мець магчымасці для прыняцця сакрамэнтаў, удзелу ў літургіі і евангелізацыі, быць «актыўнымі суб’ектамі душпастырства, а не толькі яго адрасатамі».

«Мэта ў тым, каб не толькі клапаціцца пра іх, але даць ім магчымасць актыўна ўдзельнічаць у жыцці грамадзянскай і касцёльнай супольнасці. Гэты складаны і нават цяжкі шлях дазволіць нам усё лепш і лепш фарміраваць сумленне, здольнае прызнаць кожнага ў якасці ўнікальнага і непаўторнага чалавека», — лічыць Пантыфік.

Святы Айцец падкрэсліў, што асобы з інваліднасцю могуць быць эфектыўна задзейнічаны ў катэхізацыі, і заклікаў забяспечыць ім належную фармацыю ў гэтай сферы.

Папа пажадаў умацоўваць супрацоўніцтва паміж грамадзянскімі і касцёльнымі структурамі на карысць будавання трывалага «дому», здольнага прымаць таксама людзей з інваліднасцю; «дому», які будзе стаяць на скале інклюзіўнасці і актыўнага ўдзелу.

Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа