23 лістапада Папа Францішак упаўнаважыў Кангрэгацыю па справах Кананізацыі абнародаваць дэкрэты, якія датычацца беатыфікацыйных працэсаў.
Як паведамляе беларуская рэдакцыя парталу Vatican News, Пантыфік ухваліў дэкрэт аб зацвярджэнні цуду, здзейсненага праз заступніцтва Слугі Божага кс. Марыё Чычэры, дыяцэзіяльнага святара з Італіі, які памёр 4 красавіка 1945 г.
Асобным дэкрэтам была пацверджана мучаніцкая смерць Слуг Божых кс. Хуана Эліаса Мэдзіны, дыяцэзіяльнага святара, і 126 яго паплечнікаў, святароў, законнікаў і свецкіх вернікаў, забітых з нянавісці да веры ў Іспаніі паміж 1936 і 1939 гадамі.
Шэсць іншых дэкрэтаў, ухваленых Папам, пацвярджаюць гераічнасць цнотаў.
Гаворка ідзе пра італьянскага біскупа Фартунато Марыю Фарына, іспанскага святара Андрэса Манхона і Манхона, французскага святара італьянскага паходжання Альфонсо Угаліні, італьянскіх законніц: капуцынку-кларыску Марыю Франчэску Цыкі, Марыю Каралу Чэкін з Кангрэгацыі Сясцёр св. Юзафа Бэнэдыкта Каталенга і Марыю Франчэску Джанэта з Кангрэгацыі Дачок Марыі Беззаганнай.