Пошук

13.11.2020 13:12   Паводле: Vatican News
Ілюстрацыйнае фота

Святы Пасад звярнуў увагу на наступствы абмежаванняў, звязаных з пандэміяй, для рэлігійных супольнасцяў, адзначыўшы, што яны ўплываюць на свабоду веравызнання і дзейнасць у рэлігійнай, адукацыйнай і дабрачыннай сферах.

Як паведамляе беларуская рэдакцыя парталу Vatican News, пастаянны назіральнік Апостальскай Сталіцы пры АБСЕ мансеньёр Януш Урбанчык прыняў удзел у кансультацыях арганізацыі, прысвечаных укладу лічбавых тэхналогій і грамадзянскай супольнасці ў свабоду веравызнання і перакананняў. Форум прайшоў 10 лістапада ў Вене.

Прадстаўнік ватыканскай дыпламатыі нагадаў, што рэлігійныя супольнасці адыгрываюць важную ролю ў барацьбе з каранавірусам праз актыўную прысутнасць у сферы аховы здароўя, а таксама дзейнічаюць на маральным узроўні, стымулюючы да салідарнасці і падтрымліваючы надзею ў грамадстве.

Спасылаючыся на тэму канферэнцыі, мансеньёр Урбанчык рашуча выступіў супраць «рэдукцыйнага» разумення свабоды рэлігіі і перакананняў, згодна з якім рэлігія лічыцца выключна «прыватнай справай чалавека» і павінна быць зведзена да «ўзроўню сумлення індывідуума або да сцен касцёлаў, сінагог і мячэцяў».

Такі падыход, па яго словах, адлюстроўвае памылковае ўспрыманне значэння і прыроды свабоды рэлігіі і перакананняў, а таксама ролі рэлігіі ў грамадскім жыцці.

Прадстаўнік Святога Пасаду нагадаў пра абавязацельствы АБСЕ ў сферы абароны правоў рэлігійных супольнасцяў, што павінна ўключаць і павагу да аўтаноміі іх кіраўнічых структур, унутраных правіл, самавызначэння і перакананняў.

«У часы ўзрастаючага секулярызму рэлігійная свабода з’яўляецца важным правам, якое трэба абараняць, бо яго захаванне служыць як асобе, так і ўсяму грамадству», — сказаў мансеньёр Урбанчык. Ён дадаў, што «толькі паслядоўная павага да гэтай свабоды можа гарантаваць свабоднае і поўнае развіццё нашых дэмакратычных грамадстваў і нашу бяспеку».

Святар звярнуў увагу на існаванне негатыўных адносін да рэлігій і іх паслядоўнікаў у некаторых кантэкстах.

Гэта, адзначыў ён, тлумачыцца тым, што рэлігіі часам памылкова ўспрымаюцца ў якасці крыніцы нецярпімасці і пагрозы для міру і бяспекі; ігнаруецца іх уклад у грамадскую гармонію.

Ватыканскі дыпламат падкрэсліў, што насілле, пераслед і забойствы ў імя Бога — цалкам супрацьлеглыя таму, чаму вучаць рэлігіі.

Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця