Пошук

11.11.2020 13:50   Паводле: Rublev.com / Пераклад і адаптацыя: Анастасія Грышан / Catholic.by
Фота: Hurriyet Daily News

Адзін з самых выдатных сусветных збораў гістарычных рукапісаў і дакументаў, Ватыканскую Апостальскую бібліятэку, дзе ўжо дзесяць гадоў працягваюць пераводзіць помнікі, якія там захоўваюцца, у лічбавы фармат, зносіць пастаянныя хакерскія атакі.

Як паведамляе Rublev.com са спасылкай на The Guardian, дырэктар інфармацыйнай службы бібліятэкі Манліо Мічэлі распавёў, што з таго часу, як у 2012 г. у бібліятэцы пачалі перавод калекцыі ў лічбавы фармат, супрацоўнікі сутыкаюцца ў сярэднім са 100 пагрозамі ў месяц.

Бібліятэка, заснаваная ў 1451 г. Папам Сікстам IV, сёння належыць да ліку важнейшых даследчых інстытутаў свету, у яе фондах захоўваецца адна з лепшых калекцый рукапісаў, кніг, выяваў, манет і медаляў.

Мічэлі дадаў, што перавод бібліятэчных фондаў у лічбавы фармат мае на мэце не толькі забеспячэнне фізічнай захаванасці помнікаў.

Па яго словах, тое, што раней даследавалі толькі гісторыкі ў белых пальчатках, цяпер даступна кожнаму, у каго ёсць падключэнне да інтэрнэту, і гэта велізарны крок да роўнасці ў адукацыі.

Але, па словах дырэктара інфармацыйнай службы бібліятэкі, гэта цягне за сабой новую задачу: «Мы павінны абараніць нашу анлайн-калекцыю, каб чытачы маглі быць упэўнены, што запісы з'яўляюцца дакладнымі і не змененымі гістарычнымі дакументамі».

Па меркаванні Мічэлі, любая хакерская атака, у адрозненне ад відавочнага фізічнага ўрону, можа прайсці незаўважна і таму нанесці доўгатэрміновы і, магчыма, непапраўны ўрон не толькі лічбаваму архіву, але і самой гістарычнай памяці чалавецтва. «У эпоху фэйкавых навін гэтыя калекцыі адыгрываюць важную ролю ў барацьбе з дэзінфармацыяй, таму абарона іх ад атак, што ставяць пад пагрозу верагоднасць інфармацыі, якая захоўваецца, атрымлівае рашаючае значэнне», — лічыць ён.

Таму бібліятэка заключыла дамову аб супрацоўніцтве з Darktrace, кампаніяй, заснаванай матэматыкамі Кембрыджскага ўніверсітэта.

У кампаніі сцвярджаюць, што яе спецыялісты распрацавалі сістэму кібербяспекі з удзелам штучнага інтэлекту. Манліо Мічэлі так пракаментаваў гэтую частку іх сумеснай працы: «Для вырашэння гэтай праблемы намаганняў адных толькі людзей недастаткова, вам трэба дапоўніць намаганні людзей тэхналогіямі, якія адрозніваюць адценні шэрага ў вельмі складаных сістэмах і супраціўляюцца з хуткасцю машыны».

«Адзіны спосаб зрабіць арганізацыю цалкам абароненай — адключыць яе ад інтэрнэту. Наша місія — перанесці бібліятэку Ватыкана ў ХХІ стагоддзе, таму ў бліжэйшы час мы гэтага рабіць не станем», — патлумачыў ён.

У апошнія дзесяцігоддзі Ватыкан актыўна ўкараняе сучасныя тэхналогіі для забеспячэння захаванасці сваіх бібліятэчных фондаў. У часы Яна Паўла ІІ для кантролю за кнігамі (напрыклад, пастаўленымі не на сваё месца) у бібліятэцы была ўведзена тэхналогія радыёчастотнай аўтаматычнай ідэнтыфікацыі аб'ектаў. У 2010-я гады бібліятэка заключыла пагадненне з Еўрапейскім касмічным агенцтвам, у межах якога Святы Пасад атрымаў доступ да тэхналогіі, распрацаванай у 1970-я гады, якая атрымала назву «гнуткая сістэма перамяшчэння выяваў».

Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа