Пошук

05.11.2020 12:38   Паводле: Vatican News
Фота: Pinterest

Папа Францішак сваім motu proprio Authenticum charismatis, абнародаваным 4 лістапада, унёс змены ў Кананічнае права і зрабіў абавязковым меркаванне Святога Пасаду аб прызнанні новых супольнасцяў кансэкраванага жыцця ў дыяцэзіяльным кантэксце.

Пра гэта паведамляе беларуская рэдакцыя парталу Vatican News. Кожная харызма, нават калі яна нарадзілася ў тэрытарыяльным кантэксце, мае па сваёй прыродзе ўніверсальны характар, таму, як сцвярджае Папа Францішак у Лісце да кансэкраваных асобаў ад 2014 г., кожны досвед кансэкраванага жыцця з’яўляецца не адасобленай або маргінальнай рэчаіснасцю, а знаходзіцца ў самым цэнтры Касцёла як вырашальны элемент яго місіі.

Менавіта гэтая думка ляжыць у падставе рашэння Пантыфіка аб унясенні змен у 579 параграф Кодэкса кананічнага права.

Пакідаючы за дыяцэзіяльным біскупам права заснавання інстытутаў кансэкраванага жыцця на яго ўласнай тэрыторыі, новая норма цяпер патрабуе, каб выбар біскупа быў зроблены «з улікам пісьмовага дазволу Апостальскай Сталіцы». Раней патрабавалася толькі «правядзенне кансультацый».

«Яркім знакам сапраўднасці харызмы з’яўляецца яе эклезіяльнасць, здольнасць гарманічна ўключыцца ў жыццё Святога Народу Божага на карысць усіх, — напісаў у motu proprio Папа. — Распазнаванне эклезіяльнасці і надзейнасці харызмы — гэта касцёльная адказнасць пастыраў асобных Касцёлаў».

У той жа час Пантыфік падкрэсліў, спасылаючыся на саборны дэкрэт Perfectae caritatis, што неабходна пазбягаць неабгрунтаванага ўзнікнення манаскіх інстытутаў.

Святы Айцец патлумачыў, прыводзячы думку Апостальскай адгартацыі Vita consecrata, што жыццёвыя сілы новых інстытутаў і таварыстваў павінны быць разгледжаны аўтарытэтам Касцёла, які адказвае за адпаведную экспертызу як для праверкі сапраўднасці натхняльнай мэты, так і для пазбягання празмернага памнажэння такога роду аб’яднанняў з наступнай рызыкай шкоднай раздробленасці.

Пантыфік нагадаў, што Апостальская Сталіца нясе адказнасць за суправаджэнне пастыраў у працэсе распазнавання, які вядзе да касцёльнага прызнання новага інстытута або новага таварыства на дыяцэзіяльным узроўні. Менавіта таму новыя манаскія інстытуты «павінны быць афіцыйна прызнаны Апостальскай Сталіцай, адзінай, якая прымае апошняе рашэнне».

Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.